Международный день музея прошёл в Бегомле
Пад такой назвай прайшло сёлета ў Бягомлі свята, прысвечанае Міжнароднаму дню музеяў. Яго арганізатарам — работнікам культуры Бягомля і раённага вучэбна-метадычнага цэнтра — удалося зрабіць як бы падарожжа па часе. Той, хто ў гэты вечар наведаўся ў Бягомльскі музей народнай славы, апынуўся ў 70 – 80-х гадах мінулага стагоддзя. Аб гэтым нагадваў пакой з абстаноўкай, дзе сярод “застойнай” мэблі быў тэлевізар “Рэкорд”, швейная машынка “Орша”. На сцяне вісела “авоська” з наборам прадуктаў тых часоў. Рарытэты вельмі прываблівалі наведвальнікаў, сярод якіх многія жадалі атрымаць фота на памяць аб настальгічным мінулым. Фатаграфаваліся і на фоне выставы плакатаў савецкіх часоў.
Павышанай увагай карысталася выстава дзіцячых фотаздымкаў жыхароў Бягомля з жартоўнымі подпісамі. Пакупнікамі поўнілася гасцёўня Сымоніхі і Лявоніхі (Аксана Бабака і Ніна Барздыка), што гандлявалі ўласна спечанымі прысмакамі. Навуковы супрацоўнік Святлана Атрушкевіч у вобразе лясной німфы варажыла на рунах, а работнікі Бягомльскай бібліятэкі займалі дзяцей ля выставы “У гасцях у казкі”. На сцэне праходзілі віктарыны на веданне гісторыі Бягомля і кінафільмаў з залатой калекцыі савецкіх часоў. Гледачы не абміналі сваёй увагай пляцоўкі, якія падрыхтавалі школы Бягомля.
У час мерапрыемства прайшла чарговая шоў-праграма “Пяць на пяць” маладзёжнага праекта, распрацаванага РВМЦ аддзела культуры. У ім прынялі ўдзел маладзёжныя творчыя калектывы з аграгарадкоў Крулеўшчына, Сітцы, Бягомль, Замасточча. Яны выканалі па дзве песні: беларускую народную і песню савецкага перыяду. Усе нумары былі яркімі, касцюміраванымі, з элементамі тэатралізацыі. Перамаглі самадзейныя артысты з Замасточча, якія выканалі песні “Два дубкі” і “Чорны кот”.
Закончылася свята праглядам відэа-фільма “Я люблю Бягомль”, які падрыхтавалі супрацоўнікі музея, і святочным феерверкам.
Наталля ШЫБКОВА.
НА ЗДЫМКУ: выступае цудоўная пяцёрка з Замасточча.
Фота Ю. Пусташылы.