На стадыі развіцця

У ходзе паездкі па сельгасугоддзях Брэсцкай вобласці А. Лукашэнка патрабаваў ад чыноўнікаў вывучыць пытанне развіцця авечкагадоўлі, а таксама іншых, да нядаўняга часу забытых, накірункаў сельгасвытворчасці. “Нам патрэбны такія прадпрыемствы, якія завязаны на нашай сыравіне”, – падвёў вынікі кіраўнік дзяржавы.

Да авечкагадоўлі ў нашым раёне вярнуліся ў мінулым годзе. Праўда, на гэты раз займацца імі сталі не ў Янках (былы калгас імя Суворава, а цяпер ААТ “Таргуны”), дзе некалі была не адна тысяча галоў, а ў ДП “АграБераснёўка”. Сюды  завезлі з Брэсцкай вобласці каля 60 жывёлін пароды прэкас. Ярачак  пакрылі, дачакаліся прыплоду. Пагалоўе павялічылася на 14 жывёлін.

Каля Дабруні на гонкім полі па сакавітай вясенняй траве пасвіўся кучаравы статак. Чабан Валянцін Бажок (на здымку) сваёй новай работай задаволены.

– Да нядаўняга часу я быў слесарам на комплексе “Дабрунь”, а на перыяд пашавага ўтрымання жывёлы пераведзены ў пастухі. Чабаны, – спахапіўся Валянцін, – больш чым месяц таму сталі выганяць авечак у поле. Здаецца, на вачах расце жывёла. Асабліва гэта заўважаеш на маладняку. Дарослыя авечкі чакаюць стрыжкі. Па шэрсці бачна, што пара прыйшла. Ды і гарачыня наперадзе, якая, зразумела, створыць некамфортныя ўмовы жывёле.

Як гаворыць галоўны бухгалтар ДП “АграБераснёўка” Марына Віннікава, доўгі час вёўся пошук спецыяльнай машынкі для стрыжкі авечак. Як аказалася, у гэтым была праблема. Праўда, ёсць дамоўленасць на яе набыццё, і праз тыдзень яна павінна быць ужо ў гаспадарцы. Стрыгчы авечак даручана Галіне Шульга, якая з’яўляецца загадчыцай комплексу. У жанчыны ёсць у гэтай справе пэўны вопыт.

Па словах галоўнага заатэхніка дзяржаўнага прадпрыемства Ірыны Кібалка, пэўныя складанасці ўзнікаюць таму, што авечкагадоўляй заняліся нядаўна. Гэта падгаліна жывёлагадоўлі патрабуе развіцця і ўдасканальвання.

Нікіта БЯЛЯЎСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *