Россиянин приехал в Докшицы на могилу отца-солдата через 67 лет


Уладзімір Панцеляймонавіч Ярафееў ехаў па маленькім чысценькім беларускім гарадку і яму здавалася, што ў гэтыя хвіліны за ім нябачна сочыць бацька.

– Тата, родны, прабач, што так доўга ішлі да цябе, – шапталі вусны пажылога пасівелага мужчыны, – Толькі не наша ў тым віна. Мы шукалі тваю магілу ўсе пасляваенныя гады. З пяцярых тваіх дзяцей я застаўся  адзін. Затое прывёз да цябе пакланіцца твайго праўнука Дзмітрыя.

Панцеляймон Ярафееў на фронт быў прызваны ў першыя дні вайны. У сяле пад Омскам пакінуў жонку з пяццю маленькімі дзецьмі. Самаму меншаму Уладзіміру быў толькі годзік. Куля абыходзіла сібірака ўсе доўгія чатыры гады вайны. А ў жніўні 1944 года прыйшла пахавальная “…гвардыі радавы Ярафееў Панцеляймон Іванавіч…у баях за сацыялістычную Радзіму, верны прысязе, праявіў гераізм і мужнасць… загінуў 2 ліпеня 1944 года…” 

Пасля гэтага старэйшая дачка Таісія стала пісаць  ва ўсе інстанцыі, шукаючы месца, дзе пахаваны бацька. Паведамленне аб тым, што ён загінуў, вызваляючы маленькі беларускі горад Докшыцы, сям’я атрымала толькі праз некалькі дзясяткаў год. Увесь наступны час да сённяшняга дня  Ярафеевы жылі надзеяй, што яны абавязкова наведаюць бацькаву магілу. Зрабіць гэта ўдалося самаму малодшаму нашчадку мужнага салдата. 

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Ярафеевы ўскладаюць вянок да брацкай салдацкай магілы на плошчы імя Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога, дзе на пліце значыцца прозвішча П.І. Ярафееў.    

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *