Семья ветерана из Глинного Докшицкого района живёт хорошо
Дом ветэрана Вялікай Айчыннай вайны знайсці ў вёсцы няцяжка. На ім у кожным населеным пункце без выключэння вісіць чырвоная зорачка. Вось і ў Глінным, калі нам трэба было сустрэцца з Аляксеем Ігнатавічам Падцяробам, які жыве па вуліцы Міцкевіча, доўга шукаць яго не прыйшлося. За высокім новым плотам са штыкету мы ўбачылі бабулю, якая сядзела на лаўцы, і дзеда, які корпаўся на панадворку з граблямі.
– Дазвольце зайсці на вашу тэрыторыю, – гукнулі мы з вуліцы, і ў адказ атрымалі запрашэнне.
Не па-вясенняму пякло сонца. Куры туліліся пад старую вішню, якая заквітнела і па-святочнаму апранула гаспадарчыя пабудовы. І толькі чорна-аранжавы певень ганарліва разглядваў чужакоў. Мы таксама агледзеліся: яркімі стужкамі падвязаны вінаграднік пад хатай, у кошыку ляжыць вырваная з каранямі паласатая дэкаратыўная трава, ля калодзежа – вядро з вадой. Гутарка завязалася адразу. 86-гадовы дзядуля стаў перабіраць у памяці мінулае.
– Родам я з Зарачыцка, – бойка гаварыў ён. – Былі маці, бацька, жылі дружнай сям’ёй. Не сказаць, каб вельмі галадалі, але ой, як не шыкавалі! Вялікую Айчынную сустрэў у 17-гадовым узросце. На фронт такіх пацаноў не бралі. Ды, мабыць, і не паспелі б. Фашысты наляцелі нечакана, хутка захапілі нашу тэрыторыю. Памятаю, як мітусіўся народ, бег у лес, на балота, каб схавацца ад карніка. Жылі, як звяры пад прыцэлам. Цяжка, страшна, жудасна. Праўда, у перамогу верылі і чакалі яе, як другога прышэсця Хрыста-збаўцы. А прыйшла Чырвоная армія – і нас, маладых, на трэці дзень сабралі ў ваенкамаце, які размяшчаўся тады ў Валчы. Там было шмат людзей рознага ўзросту. Падзялілі на групы, размеркавалі, каго куды. Моладзь адправілі ў Барысаў. Ішлі мы калонай, хто ў чым абутыя, у большасці – у лапцях. Праўда, яны хутка стапталіся, і мы засталіся босымі. Ды гэта праблема была кропляй у моры, у параўнанні з тымі цяжкасцямі, якія чакалі нас наперадзе.
У Кіраўску прайшоў баец Падцяроб поўную падрыхтоўку. Намуштравалі, натрэніравалі, мо таму і жыць застаўся. Стралковы дывізіён, які прыйшоў з фронту ў колькасці 13 чалавек, быў папоўнены маладымі салдатамі. У іх ліку аказаўся і Аляксей. Артылерыя лічылася каралевай вайны, а салдаты-артылерысты – анёламі-ахоўнікамі. Зенітная гармата з пушкай 85-міліметровым калібрам даставала нямецкія самалёты на вышыні 10 кіламетраў, бранябойнымі снарадамі біла па танках. Дайшоў артылерыст да Одэра – там і сустрэў Перамогу. Праўда, дамоў вярнуўся франтавік А.І. Падцяроб з узнагародамі за баявыя заслугі толькі ў 1950 годзе. Для яго і яму падобных былі яшчэ Японія, Курыльскія астравы. Адным словам, тэрміновая служба.
Здаецца яшчэ нядаўна пачынаў абжывацца. А для гэтага падымаў цалінныя землі, працаваў вадзіцелем, збіраў грошы, каб пабудаваць дом. Бабуля, яго верная спадарожніца, 82-гадовая Марыя Мікалаеўна, неаднойчы сказала, што жывуць яны з дзедам добра, грэх скардзіцца. У доказ заспявала нам прыпеўку:
А мне дзед гаварыў:
Баба, не журыся,
Хата нова, хлеба многа,
Грошы – заваліся!
Не скардзяцца на жыццё старыя. Задаволеныя ўсім. Дзяцей чацвярых выгадавалі, далі адукацыю, ажанілі сына, замуж выдалі дачок. Цяпер у іх ёсць каму і плот паставіць, і душу сагрэць. Не грэбуе вясковай работай нават зяць генерал.
Пэўную падтрымку мае сям’я ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ад улады: дровы прывозяць, вось і нядаўна даставілі машыну, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдзеліў штыкет для плоту, старшыня Бярэзінскага сельсавета на кожную патрэбу адгукацца. Дзякуюць Падцяробы Прэзідэнту краіны за добрую пенсію, якая пастаянна павялічваецца. Але яшчэ больш – за мірнае яснае неба над галавой.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Мікалаеўна і Аляксей Ігнатавіч ля сваёй хаты з новым плотам.
Фота А. Варанковіча.