Спартыўныя забавы напракат

У цяперашні сезон найбольшым попытам у пункце пракату спартыўнага інвентару карыстаюцца ролікавыя канькі. Пакуль што пракат, які знаходзіцца на гарадскім стадыёне, поўнасцю задавальняе жаданні юных ролераў атрымаць канькі. Днём з 10 да 18 гадзін сюды прыходзяць па 5–6 дзяцей і за 2 500 рублёў за гадзіну з задавальненнем катаюцца па асфальтавай дарожцы. Многія бяруць ролікі нават на суткі і выхадныя.  Усяго ў пункце пракату ёсць 25 пар ролікаў ад 34 да 42 памеру. На больш запатрабаваныя памеры ёсць па некалькі пар.  Некаторыя дзеці прыходзяць, каб навучыцца катацца, а іншыя, пастаянныя кліенты, упэўнена выпісваюць піруэты і ўстройваюць вясёлыя гонкі.

У пункце пракату на стадыёне можна таксама ўзяць тэнісныя ракеткі і мячы. У выхадныя дні тут прапануюць і паслугі ціра. У рабочыя дні з 8 да 18 гадзін жадаючыя пастраляць могуць звяртацца ў аддзел фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама ці ФСК “Ураджай”, і там таксама задаволяць іх жаданне. Дзеці за адзін выстрал плацяць 300 рублёў, а дарослыя  – 600.

Аматары турыстычных паходаў могуць звяртацца ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, каб атрымаць турыстычны інвентар. Ахвотнікам пагуляць у футбол тут за сімвалічную плату дадуць футбольны мяч.

– Па меры магчымасці стараемся дапамагчы аматарам спорту з арганізацыяй вольнага часу, – сказаў начальнік аддзела фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама Сяргей Кашчэеў. –  У раёне дзейнічаюць 22 спартыўныя пляцоўкі і гарадскі стадыён. Школьныя настаўнікі фізічнай культуры ў пасляўрочны час праводзяць разнастайныя секцыі і спартыўныя гульні. Бывае, што вечарамі на спартыўных пляцоўках збіраюцца і дарослыя, арганізоўваюць футбол ці валейбол. У зімні сезон некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі арандуюць спартыўныя залы.  Знаходзяцца жадаючыя наведваць трэнажорны і фітнэс-залы ў ФСК “Ураджай”. Карыстаючыся магчымасцю, хачу папрасіць спартсменаў і аматараў актыўнага ладу жыцця больш ахвотна адгукацца на прапановы ўдзельнічаць у спартыўных і гульнявых масавых раённых мерапрыемствах.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *