Трэцяя прэмія — у шматдзетнай сям`і Кішулькаў з Докшыц

Пра гэтую цікавую сям’ю, у якой шчасліва гадуюцца чацвёра дзетак, наша газета пісала не адзін раз. Нядаўна адбылася падзея, якая дала падставу Кішулькам стаць яшчэ раз героямі публікацыі.

Вольга і Вадзім разам са старэйшымі сынамі прадстаўлялі наш раён на конкурсе на лепшую шматдзетную сям’ю Віцебшчыны. Двухгадовы Ванечка чакаў іх дома, а яны тым часам спачатку вельмі ўдала выступілі ў Оршы на паўфінале, дзе занялі першае месца, а потым – у Віцебску, дзе сталі трэцяй лепшай сям’ёй вобласці. Першай назвалі сям’ю з Полацка, дзе  мама (выкладчык універсітэта) і тата  (прадпрымальнік) гадуюць шасцёра дзетак. На другое месца паднялася сям’я і таксама з такой жа колькасцю дзяцей, з Сянно.

– Канечне, не па колькасці дзяцей вызначаўся пераможца, – каменціруе гэты факт Вольга Кішулька, – але, згадзіцеся, калі на сцэну адзін за адным, як грыбкі, выбягаюць шасцёра дзетак, з якіх самаму старэйшаму толькі 7 год, гэта вельмі ўражвае. На іх фоне мне самой падалося, што выхоўваць чацвёра – гэта амаль што дробязь.

Каб назвацца лепшай сям’ёй, удзельнікі дэманстравалі  сябе ў розных конкурсах. Кішулькі ўразілі журы візітоўкай, і гэта не дзіва, бо ўсе ведаюць творчыя і, у першую чаргу, музычныя здольнасці ўсіх членаў сям’і. Нават 5-гадовы Андрэйка паспеў ужо прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Шлях да зорак”, дзе быў, дарэчы, самым юным удзельнікам. Для візітоўкі спатрэбіліся і паэтычныя здольнасці таты, яго фота-майстэрства. Такога багатага слайд-шоў, як у Кішулькаў, больш не было ні ў кога. Мама Вольга «зіхацела» сваімі вышыванкамі ў конкурсе “Залатыя ручкі”. Выставу вырабаў сям’і ўпрыгожвалі яшчэ фотаработы таты і вырабы з гліны 8-гадовага Сямёна. Арыгінальным музычна-паэтычным было прадстаўленне кулінарнага вырабу, які спякла мама, а дэманстравалі яго маленькія ласуны. У конкурсе эрудытаў, прысвечаным Году кнігі, з поспехам прыняў удзел Раман, які вучыцца зараз у Віцебскім кадэцкім вучылішчы.

Сям’я вельмі задаволена тым, што ёй выпала магчымасць прыняць удзел у падобным мерапрыемстве. Ганарыцца перамогай, за грашовую прэмію набыла лодку, на якой, магчыма, пойдзе ў воднае падарожжа. Адпачываюць Кішулькі заўсёды актыўна і здорава.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: сям’я на конкурсе. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *