Хранительница наследия ситцевского края

Ужо шмат год настаўніца гісторыі Сітцаўскай СШ Тамара Каляга збірае, вывучае, зберагае помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сітцаўскі край мае багатую гісторыю. Адно імя ўладальнікаў сітцаўскага маёнтка Дамейкаў дарагога каштуе. Цікавай на падзеі атрымалася і гісторыя савецкага часу. Для таго, каб сабранае Тамарай Тадэвушаўнай багацце назваць музеем, не хапае толькі аднаго – памяшкання. Таму нешта з прадметаў даўніны размясцілі ў бібліятэцы, а шматлікія папкі па гісторыі вёскі, школы, саўгаса “Сітцы” і роду Дамейкаў  яна захоўвае дома. Нават з таго, што давялося пабачыць і патрымаць у руках, мог бы атрымацца шыкоўны музей. Шкада, што гэта багацце ляжыць незапатрабаваным. 

Тамара Тадэвушаўна – дачка аднаго з былых кіраўнікоў саўгаса “Сітцы” Тадэвуша Альхімёнка. Гэта акалічнасць стала не апошняй у фарміраванні духоўнага пачатку гэтай адукаванай, дапытлівай настаўніцы. Як некалі бацька адказваў за развіццё саўгаснай вытворчасці, так і яна вырашыла несці адказнасць за захаванне гістарычнай памяці краю. Работа Тамары Тадэвушаўны з гістарычнымі матэрыяламі носіць навуковы характар. Яна шмат займаецца гістарычнымі даследаваннямі, вядзе перапіску з навукоўцамі, гісторыкамі, краязнаўцамі і іншымі цікавымі людзьмі. Асабіста мне Тамара Тадэвушаўна нагадвае такіх улюбёных у гісторыю людзей, энтузіястаў сваёй справы, як Мікалай Чысцякоў, Дзмітрый Грабоўскі, Віктар Скараход, якія па сваёй уласнай ініцыятыве займаліся вывучэннем гісторыі раёна і ўпісалі ў яе шмат новых цікавых фактаў.

Дарэчы, у дыпломы выпускніцы філалагічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава на першым месцы значыцца выкладанне рускай мовы і літаратуры, а ужо потым — гісторыі. Але Сітцаўскай школе, калі туды прыйшла працаваць Тамара, патрэбны быў гісторык, і яна ім стала. Магла б працаваць, як многія: выкладаць прадмет, не выходзячы за межы школьнай праграмы, але ў яе самой былі вельмі добрыя настаўнікі, і яны вучылі па-іншаму. Ад Мікалая Сямёнавіча  і Ірыны Антонаўны Елісеевых атрымала навуку пра тое, што настаўнік – гэта сельскі інтэлігент, які з’яўляецца носьбітам культуры, захавальнікам гісторыі краю, прапагандыстам усяго новага, перадавога. На вачах быў прыклад географа Пятра Мікалаевіча Ждановіча, які па ўласнай ініцыятыве стаў краязнаўцам ваеннага перыяду. Па вёсках ездзіла на калёсах з вучнямі, збіраючы прылады народнага побыту, настаўніца беларускай мовы Алена Жукава. Давялося ёй адшукаць і рэчы, характэрныя для быту засцянковай шляхты. Яе пераемніцай стала педагог-арганізатар  Мая Ючкавіч. Першымі дарадцамі Тамары Каляга, асабліва ў працы з матэрыяламі па Дамейках, з’яўляюцца выкладчык універсітэта імя М. Танка Анатоль Федарук, дырэктар архіва ў Маладзечна Шайтар, краязнаўца з Літвы Юрась Гіль і многія іншыя.

Як толькі ў рукі Тамары трапляе нейкі цікавы факт, фотаздымак, вочы яе загараюцца, і яна прыкладае максімум намаганняў, каб высветліць  усё, што датычыцца гэтай знаходкі. Зайздросны азарт, але ён падпарадкоўваецца навуковаму, цвярозаму падыходу, калі трэба рабіць заключэнне знойдзенаму. Так, напрыклад, атрымалася з устанаўленнем памятнага знака ў гонар Дамейкаў. Пакуль не будуць знойдзены адпаведныя дакументы, Тамара Тадэвушаўна так і не пагадзіцца з поглядам таго ж Ю. Гіля, што Ігнат Дамейка хрысціўся ў Параф’янаве, а значыць,  мог нарадзіцца ў Сітцах. Ёй бы самой вельмі хацелася паехаць у Вільню, папрацаваць у архівах. Але ж яна ўсяго толькі сельская настаўніца, хаця і вельмі цікавы, неабыякавы чалавек. Але ж, у нашай гісторыі безліч прыкладаў таму, што адкрыцці сваім з’яўленнем на свет абавязаны  падобным ўнікальным энтузіястам. Магчыма, так станецца і на гэты раз?

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: гісторык-краязнаўца з Сітцаў Тамара Каляга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *