Докшицкая земля — родина Эдуарда Зубрицкого
Такую назву атрымала сустрэча з паэтычнай спадчынай нашага земляка Эдуарда Зубрыцкага, якую падрыхтавалі работнікі раённага звяна цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы разам з яе дырэктарам Ірынай Карапанавай.
Мерапрыемства атрымалася цікавым, музычна-паэтычным, са шчымлівымі ноткамі суму па пайшоўшым таленту, веліч якога ў прастаце і даступнасці паэтычнага вобраза, апяванні вечных чалавечых каштоўнасцей. Да гонару арганізатараў гэтага своеасаблівага свята паэзіі, трэба сказаць, што яны не толькі расказалі пра паэта і яго паэтычную спадчыну, але з дапамогай вельмі ўдала падабраных вершаў, якія, дарэчы, чыталі на памяць, здолелі перадаць гледачам прыгажосць паэзіі Зубрыцкага, яе грамадзянскасць, патрыятызм, лірычнасць, уменне паэта бачыць патаемна-высокае ў самых простых жыццёвых падзеях, чалавечых учынках.
У свяце браў удзел родны брат паэта Леанід Зубрыцкі. Пасля яго вобразнага выступлення ні ў каго не засталося сумнення пра тое, што ў сям’і сялян са Шклянцаў літаратурнымі здольнасцямі быў надзелены не толькі Эдуард. З чатырох сыноў Зубрыцкіх — трое па адукацыі — мовазнаўцы. Найбольшым талентам Бог надарыў Эдуарда, і ён шчодра дзяліўся ім з людзьмі, пускаў “быццам птушку ў свет… любоўю спавітае слова”.
Сваімі ўражаннямі, успамінамі пра сябра, калегу па літаратурнай ніве прыязна падзяліўся наш зямляк лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Фёдар Палачанін.
Фёдар Антонавіч не раз сустракаўся з Эдуардам Іосіфавічам на пасяджэннях абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Разам яны былі дэлегатамі з’езда пісьменнікаў краіны ў 2006 годзе. Гэтыя сустрэчы пакінулі ў сэрцы Фёдара Антонавіча самыя цёплыя і шчырыя ўражанні аб шклянскім таленавітым хлопцу.
Агульную атмасферу свята ўдала дапоўнілі відэарад фотаздымкаў з сямейнага альбома Зубрыцкіх, кніжная выстава твораў паэта і літаратуры аб ім і, канечне, лірычныя песні вядомай салісткі Валянціны Карповіч.
Не будзе перабольшаннем сказаць, што сярод тых, хто пабыў на гэтым цудоўным свяце ( гледачамі былі наведвальнікі дзённага прабывання інвалідаў, члены аматарскіх клубаў “Кацюша”, “Дакшычанка”, бібліятэкары раёна і проста жыхары горада), аматараў паэзіі стала больш. Яшчэ не так даўно паэты былі ўладальнікамі душ людзей, яны фарміравалі грамадскую думку, уплывалі на грамадскае жыццё. Зараз іншыя куміры, і таму сустрэча, прысвечаная Э. Зубрыцкаму, – вялікая і патрэбная справа для культурнага асяродку рэгіёна.
Т. СТАДНЮК.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Л.І. Зубрыцкі, Ф.А. Палачанін; верш чытае загадчыца раённай бібліятэкі Ала Закалінская.
Фота аўтара.