Докшицкий костёл принял на каникулы детей из Беларуси

У панядзелак перад палуднем касцёл Святой Тройцы, што ў Докшыцах, звінеў дзіцячымі галасамі. Яшчэ каля дзвярэй чуліся гучныя акорды гітары і дружны задорны спеў. Айцец Віталій, які вось ужо колькі год запар працуе з дзецьмі, арганізоўвае пілігрымкі з Маладзечна ў Будслаў,  пачынаў:

– Всем привет. Как дела?
– Хорошо, – напеўна адказвалі дзеці.
– Будем славить Бога?
– Да! Да! Да!

Сёлета на канікулы з Богам у Докшыцы сабралася большая колькасць дзяцей, чым звычайна — 80 чалавек. Традыцыйна  сюды прыехалі моладзь і падлеткі з Мінска, Слоніма, Маладзечна, Віцебска, Докшыц і розных вёсак раёна. Асабліва шмат было на гэты раз дзяцей з Бярозаўскай парафіі. Пасля таго, як там быў пабудаваны касцёл, дзеці дружна сталі ў яго хадзіць, а сустрэцца летам са сваімі аднагодкамі, пазнаёміцца і знайсці сабе новых сяброў прыехалі ў Докшыцы. Менавіта тут, у святых сценах са святымі айцамі дзеці знаходзяць занятак для душы, рук і ног. Арганізатарам актыўнага адпачынку з’яўляецца  сястра Маргарыта Аўгустын. Брат Войтэк песціць дзетак рознымі ласункамі і трохразовым гарачым харчаваннем. Праўда, дапамагаюць яму ў гэтым  старшакласнікі, якія ў свой час адпачывалі ў аналагічных лагерах.

Як адчуваюць сябе дзеці тут? Што новага ўбачылі і пачулі?  На гэтыя пытанні мы хацелі атрымаць адказ ад дзяцей, якіх аб’яднала вера ў Бога.

Эдуард з Докшыц:
– На канікулах у аазе (лагеры для падлеткаў), што створаны пры касцёле, я адпачываю трэці год запар. Мне тут вельмі падабаецца. Айцец Віталій, сястра Маргарыта – такія цікавыя і завадныя людзі! З імі лёгка весці размову, цікава бавіць вольны час. Разам мы ганяемся за мячом, спяваем песні, удзельнічаем у спаборніцтвах. Сёлета з сабой у лагер я прывёў па прапанове бацькоў і пяцігадовага браціка Ромку. Здаецца, што яму таксама гэты адпачынак прыйшоўся да спадобы.

Вікторыя з Крыпуляў:
– Я на такіх канікулах упершыню. Мне прапанавалі паехаць сюды сяброўкі, якія ўжо адпачывалі такім чынам неаднойчы. Вельмі захапляючыя канікулы. Тут заўсёды ёсць чым заняцца. Смачна кормяць, цікава расказваюць біблейскія гісторыі. Тлумачаць Святое Пісанне. Шмат даюць пазнавальнага.

Анастасія з Бярозаўкі:
— Каб хто раней сказаў, што адпачываць у лагеры пры касцёле так весела і цікава, то ніколі б не пагадзілася. Калі сказаць чэсна, то я не зусім хацела сюды ехаць, бо дома знаходжу сабе справы. Але цяпер я вельмі задаволеная, што выкарыстала магчымасць адпачыць разам з Богам і аднадумцамі па веры.

Аня са Слоніма:
– Зараз я працую аніматарам (піянерважатай у нейкай ступені) і разам з малодшымі братамі і сёстрамі адпачываю. Мне вельмі падабаюцца Докшыцы. Тут добра арганізаваны адпачынак. Мы паспяваем усё запланаванае здзейсніць і ніколькі не стамляемся. Магу параіць кожнаму, хто атрымае газету ў рукі, што лепшага адпачынку няма, чым адпачынак з Богам.

Лагер для падлеткаў, што створаны пры касцёле, разгортвае шырокую духоўную прастору, вучыць дзяцей адносінам паміж сабой, павазе да дарослых, жыццю па запаветах Усявышняга. На святой нядзельнай літургіі пробашч касцёла Марэк Пасют гаварыў: “Выказванне “Бог любіць тройцу” ведаюць усе, а вось далёка не кожны жыве па гэтым прынцыпе. У сям’і гадуюцца адно-двое дзецей. А дзе ж трэцяе? У дзяцей вельмі развіта пачуццё самалюбства: яны хочуць мець усё, а дзяліцца з іншымі  не жадаюць нават цукеркай. Арганізоўваючы лагер, мы ставілі перад сабой мэту навучыць дзяцей быць дзецьмі Бога, а таксама братамі і сёстрамі паміж сабой. Той, хто выконвае Божыя запаведзі, і ёсць нам брат альбо сястра.  Хочацца дастукацца да розуму кожнага, хто ходзіць на святую імшу, бо казанні з вуснаў святара даюць шмат карыснага. Хто гэтага не чуе ці не ўспрымае, той глухі і сляпы. Адкрыць вочы дзецям і паказаць шлях у Неба – асноўная мэта стварэння ааза”.

Нікіта БЯЛЯЎСКІ.

НА ЗДЫМКАХ: эпізоды жыцця ў лагеры для падлеткаў.


Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *