Докшицы стали второй родиной для гомельского парня
Хто не ведае блізка галоўнага інжынера ДРБУП № 180 Уладзіміра Місачэнку, лічыць яго нудным працаголікам, які жыве дарогамі, асфальтам, адным словам, толькі сваёй работай. У ёй ён здолеў дасягнуць многага. Разам з нязменным дырэктарам А.В. Рамейкам зрабілі прадпрыемства адным з лепшых у сістэме “Віцебскаблдарбуда”, якое па выніках вытворчай дзейнасці з года ў год займае ў вобласці лідзіруючыя пазіцыі. Напрыклад, у 2011 годзе ДРБУП № 180 заняло трэцяе месца. Уладзімір Місачэнка з гонарам носіць званне “Пачэсны дарожнік Рэспублікі Беларусь”.
Для блізкіх і сяброў Уладзімір Аляксеевіч вельмі цікавы чалавек з багатым унутраным светам, які мае шмат захапленняў і прыхільнасцей. Упэўніцца ў гэтым чытачам дапаможа гутарка з ім у нашай пастаяннай рубрыцы “Сустрэча з цікавым чалавекам”.
1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?
– Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы Папаніна. Так яе назвалі ў гонар вядомага палярнага даследчыка 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта на Гомельшчыне. Прыгажосць там неапісальная, бо знаходзіцца вёска амаль побач з тым месцам, дзе зліваюцца разам дзве вялікія ракі: Сож і Днепр. На Віцебшчыне жыву з 1979 года. Таму лічу Докшыцы сваёй другой радзімай.
2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?
– Я даволі рана стаў самастойным. У 15 год закончыў васьмігодку. Каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі, прыйшлося жыць у прышкольным інтэрнаце, бо ў нашай вёсцы сярэдняй школы не было. Потым — тэхнікум, армія. Вучыцца любіў і раблю гэта з задавальненнем і зараз. Першым настаўнікам на ўсё жыццё была для мяне мама. Яна ў мяне вельмі мудры чалавек, з прыроднымі задаткамі педагога. Матуля заклала той падмурак, на якім потым будавалася ўся мая асоба. Ніколі не забуду школьнага настаўніка Сцяпана Гардзеевіча Слепянка, які для нас быў непахісным аўтарытэтам. Вельмі ўдзячны арміі. У мой час (70-я гады мінулага стагоддзя) яна была лепшым жыццёвым універсітэтам, дзе выхоўвалі сапраўдных мужчын. Палкоўнік Іван Рабышка даваў нам – бязвусым юнакам – урокі прыстойнасці, сумленнасці і справядлівасці асабістым прыкладам. У прафесійнай дзейнасці першым настаўнікам лічу Аляксандра Васільевіча Рамейку, з якім мы працуем побач амаль 30 год.
3. Хто яны вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?
– Яшчэ жывыя мае бацькі, за што я вельмі ўдзячны лёсу. Потым мая жонка Святлана Міхайлаўна, якая 25 год адпрацавала хірургічнай медсястрой. Зараз яна лабарант у ДРБУП № 180. Старэйшы сын Аляксей працуе намеснікам старшыні райвыканкама па эканоміцы, малодшы Уладзімір – дырэктар Пастаўскага лясгаса.
4. Ваша прафесійная дзейнасць – гэта …?
– Дарогі. Будую іх у раёне 33 гады. У школе захапляўся гісторыяй, люблю яе і зараз, але паступіў у Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум, бо лічыў яго прэстыжным для мужчыны. На Віцебшчыну трапіў па размеркаванні, але ехалі з жонкай у Чашнікі, а апынуліся зусім выпадкова ў Бягомлі. Чатыры гады працаваў там майстарам, потым перавялі ў Докшыцы на пасаду галоўнага інжынера. Справай сваіх рук, якой можна сказаць, ганаруся, лічу кальцавую дарогу вакол горада, будаўніцтва якой пачынаў з нуля, з разбіўкі калочкаў. Люблю Докшыцы, яго прыгожы, прасторны, светлы цэнтр. Падобнага, на мой погляд, не мае больш ніводны райцэнтр у вобласці. За што дзякуй раённай уладзе, камунальнай службе. Дарожнікі да гэтага таксама прыклалі руку.
5. Вашы захапленні?
Прырода, кнігі, мастацтва. Люблю лес і рэчку. Займаўся некалі паляваннем, браў з сабой у лес сына, вось і стаў Уладзімір лесніком. Дзякуючы рыбалцы прыдбаў у вёсцы Вешняе невялічкую хатку. Купляў жартуючы, а зараз стала яна для мяне любімым уласным домам, які з сынамі зрабілі амаль з нуля. У ім добра дыхаецца. Калі гляджу на столь з бэлькамі, пахне вясковым дзяцінствам, а калі іду па садзе – адчуваю сябе гаспадаром гэтага кавалачка зямлі, які магу зрабіць такім, якім хачу. Неяк падлічыў, што разам з сынамі мы пасадзілі каля ста дрэў, заклалі тры сады. Сад – мая слабасць, назіраць яго цвіценне вясной – лепшая лячэбная тэрапія для душы. Жонка любіць меншыя расліны: ягаднікі, памідоры, перцы і, канечне, кветкі. Усё гэта ў яе расце, як на дражджах.
Вольнага часу няшмат, але пры першай жа магчымасці стараюся наведацца ў Вешняе: палюбавацца воднай гладдзю возера, паласавацца мёдам і яблыкамі, зрабіць сваімі рукамі што-небудзь з таго, чаго, на мой погляд, яшчэ не хапае на сядзібе. Люблю ствараць і радуюся выніку.
6. Якія рысы характару выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?
– Прыстойнасць, сумленнасць, не прымаю здрады, ілжывасці.
7. Самы шчаслівы ваш дзень?
– Сустрэча з роднай зямлёй, калі вяртаўся ў вёску пасля службы ў арміі. Карціна, калі малодшая сястра бегла да мяне за ваколіцу, шырока раскінуўшы рукі, і зараз стаіць перад вачыма. Непараўнальнае шчасце адчуваў у Рыме, калі змог дакрануцца да тысячагадовых камянёў Калізея.
8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?
– Ні аб чым. Пакуль усё атрымалася. Я здолеў стварыць сям’ю, якую хацеў: вырасціў сыноў, даў ім вышэйшую адукацыю. Да слова бацькі яны прыслухоўваюцца і зараз. Маці абагаўляюць. З пагардай адношуся да тых людзей, асабліва мужчын, якія не паважаюць сваю маці. Пашанцавала нам і на нявестак. Яны адразу адчулі і прынялі атмасферу нашай сям’і, і мы з жонкай для іх мама і тата. Разам з сынамі пабудавалі тры дамы, пасадзілі тры сады. Зараз усё маё жыццё ва ўнуках. Іх пералік пачынае Кацярына “Вялікая”, а заканчвае Ефрасіння “Полацкая” (так іх называе дзед – аматар гісторыі. Аўт.). Паміж дзяўчаткамі ўлезлі тры хлапчукі – прадаўжэнне нашага роду. Адзін з іх носіць маё імя і падобны на мяне знешне. Часам здаецца, што гэта я сам ізноў пачынаю жыццё.
9. Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”?
– Абавязкова. Сяброў шмат не бывае. Але тыя, што ў мяне ёсць – сапраўдныя. Да сённяшняга часу сустракаемся з трыма аднапалчанамі. Ёсць сябры інстытуцкія. Нядаўна па інтэрнэту знайшоў сябра з тэхнікума. У Докшыцах самы адданы і блізкі мне чалавек – Слава Барздыка.
10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?
– Сям’я, праца. У грашах і кар’еры не бачу нічога грунтоўнага. Ёсць рукі і галава, грошы заробіш заўсёды. Кар’ернымі парывамі не быў апантаны ніколі.
11. Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка, тэлеперадача?
– “Цусіма” А. Новікава-Прыбоя, а таксама творы В. Быкава, М. Лынькова, Д. Лондана. Музыку люблю ўсялякую. Сам іграю на гармоніку і гітары і вельмі люблю спяваць.
12. Ваш ідэал жанчыны.
– Ён са мной заўсёды побач. Спачатку гэта была матуля Ніна Яфрэмаўна, зараз жонка – мая адзіная жанчына на ўсё жыццё. А наогул, у жанчынах прываблівае розум, дабрыня і, канечне, прыгажосць. Мая Святлана была якраз такой дзяўчынай: з доўгай-доўгай касой.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
На здымку: галоўны інжынер ДРБУП № 180 Уладзімір Місачэнка.