Любители металлолома из Тумилович

У Тумілавічах жартуюць, што хутка ў вёсцы і яе наваколлі нідзе не знойдзеш ніводнай жалязякі: так спрытна працуюць на зборы металалому два хлопцы Саша Рабец і Дзяніс Дайлідовіч. Адзінаццацікласнікі мясцовай сярэдняй школы робяць вельмі важную справу: ачышчаюць зямлю ад жалеза. Гэта, на першы погляд здаецца, што няма нічога дрэннага ў тым, што недзе валяецца на зямлі непатрэбная жалезная рэч. Ляжыць сабе і ляжыць. А на самой справе не ўсё так проста. Жалеза ржавее. З ападкамі шкодныя рэчывы ад яго трапляюць у глебу. А кускі металу, што “затаіліся” ў траве, раняць жывёлу.

Але нядоўга ім ляжаць прыйдзецца. Пільнае вока прыбіральшчыкаў-вучняў заўважае кожную рэч.

Спачатку Саша з Дзянісам збіралі металалом для сябе, так працавітыя хлопцы папаўнялі сямейны бюджэт, потым рашылі дапамагчы роднай школе, з якой сёлета ўжо развітаюцца.

Зараз за збор металалому ў школе адказваюць Рабец з Дайлідовічам. Яны арганізоўваюць вучняў, шукаюць “аб’екты” для працы. Дырэктар школы Вольга Ковель не нарадуецца на хлопцаў. Дзякуючы ім, Тумілавіцкая СШ адна з першых у раёне выконвае план па здачы металалому. Застаецца яшчэ і на школьныя патрэбы.

Збор металалому – гэта не адзіная справа, па якой яшчэ доўга будуць памятаць гэтых выпускнікоў у школе. Саша з Дзянісам у многіх справах першыя. Дакладней, без іх удзелу не абыходзіцца ніводнае школьнае мерапрыемства. Сябры захапляюцца тэхнікай з малых гадоў. Ездзіць на машыне навучыліся, пэўна, у класе шостым. Таму далейшую жыццёвую дарогу бачаць толькі ў «сяброўстве» з машынамі. Будуць паступаць у Вілейскі тэхнічны ліцэй і па-ранейшаму здаваць металалом. Тэхніка, на думку хлопцаў, гэта як жывая істота, якую нельга кідаць, як непатрэбную, нават тады, калі яна адпрацавала сваё.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: багаты “ўлоў” (злева направа) Дзяніса Дайлідовіча і Аляксандра Рабца.

Фота А. Варанковіча.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *