Приём в Докшицкой ЦРБ начинается с кабинета профилактики
ХХІ стагоддзе – век руху, сціснутага часу і вечнага яго недахопу. Мы спяшаемся, не паспяваем, усе пытанні рашаем на хаду, у тым ліку і тыя, што датычацца самага дарагога – нашага здароўя. Таму з невялікім задавальненнем перш, чым трапіць на прыём да ўрача, наведваем кабінет прафілактыкі. Часцяком лічым яго непатрэбнай тратай каштоўнага часу. А між іншым, упэўнены яго работнікі фельчар Наталля Ковель і медсястра Іна Дук, гэта зусім не так. Яны маюць рацыю, бо працуюць у кабінеце ўвесь час, пасля таго як закончылі адпаведныя медыцынскія вучылішчы.
– Тая работа, якую праводзім – гэта своеасаблівы першапачатковы медагляд пацыента. Ён дапамагае ўрачу хутчэй правесці прыём, а таксама выявіць некаторыя захворванні на ранніх стадыях, – тлумачыць Наталля Мікалаеўна, – якім садзейнічаюць атлусценне, павышаны ціск, парушэнне халестэрынавага абмену і іншыя парушэнні ў дзейнасці арганізма. Для гэтага вымяраем ціск, тэмпературу, высвятляем адпаведнасць вагі цела росту пацыента, праводзім апытанні з дапамогай анкет, накіроўваем на здачу адпаведных аналізаў. У пацыентаў ва ўзросце старэй за 40 год абавязкова правяраецца ціск унутры вачэй. Карткі, пасля таго, як пацыент пабывае на прыёме ва ўрача, зноў вяртаюцца да нас. На падставе іх дадзеных на кожнага пацыента, якія размяркоўваюцца па чатырох групах (здаровыя, тыя, хто мае фактары рызыкі, хранічныя захворванні і інваліднасць), заводзіцца карта ўліку дыспансерызацыі. Такія карты мае ўсё дарослае насельніцтва раёна, а гэта больш за 20 тысяч чалавек. Такім чынам, кожны, хто пабываў у нас, аўтаматычна падпадае пад пільны медкантроль, які дапаможа не дапусціць хваробу.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) медработнікі І.І. Дук і Н.М. Ковель праводзяць абследаванне чарговага пацыента.
Фота аўтара.