Путь, выбранный врачом из Бегомля

Для Святланы Ганус сёлетні год стаў адметным у працоўнай біяграфіі. З першых яго дзён яна нечакана для сябе ўзначаліла калектыў Бягомльскай раённай бальніцы. З яе прыходам на пасаду жыццё ў гэтай установе аховы здароўя ажывілася. Як адзначыла галоўная медсястра Алена Анісовіч, зараз у нас ёсць кіраўнік, які адначасова памятае пра праблемы лячэбнага працэсу, пра пацыентаў, пра ўстаноўку новага плоту і пра падрыхтоўку да конкурсу мастацкай самадзейнасці. Людзям падабаецца, што Святлана Віктараўна ўнікае ва ўсё, стараецца выконваць абяцанае і ніколі не спасылаецца на вялікую занятасць.

Яна гэтых прынцыпаў прытрымліваецца ўсё жыццё. Як бы ні стамлялася тэрапеўт Ганус на дзённым прыёме, кожны пацыент можа разлічваць на добразычлівасць, уважлівасць і прафесіяналізм. Адна з яе былых пацыентак патэлефанавала ў рэдакцыю і расказала, што заўсёды любіла і паважала гэтага ўрача за чалавечыя якасці. А калі сур’ёзна захварэла, то спачатку лячылася ў Святланы Віктараўны, затым паехала ў Мінск. Там паглядзелі дыягназ, які паставіў правінцыяльны ўрач, схему лячэння і выказалі задавальненне ўбачаным. Запыталіся нават яго прозвішча.

Такая ацэнка прафесійных здольнасцей сталічнымі калегамі, безумоўна, прыемна, і атрымала яе Святлана Віктараўна невыпадкова. Увесь час яна імкнецца да таго, каб стаць не проста доктарам, а сапраўдным спецыялістам. Закончыла медвучылішча з чырвоным дыпломам. Адразу паступіла ў Петразаводскі медуніверсітэт, бо жыла на той час у Карэліі, і ўжо на 2-м курсе стала падпрацоўваць у бальніцы. Дзяжурыла ноччу не па прычыне матэрыяльных цяжкасцей, а таму, што жадала ведаць работу медыка з самага пачатку.

У Бягомлі яна працуе з 1997 года. Увесь гэты час была ўчастковым урачом-тэрапеўтам, але можа падмяніць (рабіла гэта не раз), напрыклад, педыятра. А ўсё таму, што ніколі не замыкалася толькі на сваіх абавязках і вучылася ўсяму, што, лічыла, можа спатрэбіцца для работы, для павышэння сваёй урачэбнай кваліфікацыі.

Прыходзілася чуць, што з гадамі працы ўрач прывыкае да скаргаў пацыентаў на боль і спакойна рэагуе на іх. Самі ж медыкі супраць такога погляду, і  хутчэй за ўсё, яны маюць рацыю. Доктар – такі ж чалавек, як і ўсе, са сваімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі характару. Спагадлівы і чулы раўнадушным не стане і праз 20 год працы, як не стала ім доктар Ганус. Яна як была, так і засталася фанатам сваёй прафесіі, для якога існуе адно слова “трэба”. Трэба лячыць – і яна з цярпеннем анёла не толькі стараецца выслухаць пацыента, правільна вызначыць дыягназ, але і падабраць лячэнне, якое чалавек у стане асіліць, у тым ліку і ў матэрыяльным плане. Сёння гэта таксама важна, як і ўменне лячыцца. Гэтаму таксама вучыць сваіх пацыентаў Святлана Віктараўна. Ад яе не утоіш, прымаў лячэнне хворы па той схеме, якую назначыла урач, ці не.

– Мы толькі памочнікі, – лічыць доктар, – а кожны чалавек у наш час павінен першым клапаціцца пра сваё здароўе.

У Бягомльскай раённай бальніцы пацыентам дапамагаюць быць здаровымі ўчастковы ўрач-тэрапеўт Юлія Дайлідзёнак, урач-педыятр Аляксандр Міцько, зубны ўрач Наталля Азёмка і больш за 50 работнікаў сярэдняга і малодшага медперсаналу. Дзякуючы ім, каля 5 тысяч чалавек  зоны абслугоўвання адчуваюць сябе абароненымі ад наступстваў хвароб і немачы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

На здымку: загадчыца Бягомльскай раённай бальніцы Святлана Віктараўна Ганус.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *