Старейшина из Береснёвки молода и активна

Гараджане прывыклі, што вясной на пачатку лета горад патанае ў квецені каштанаў, а вось вяскоўцы – не. Ім больш даспадобы садзіць на сваіх падворках садовыя дрэвы, рабіну, іншы раз ліпу. А Валянціна Бацэка з Бераснёўкі, калі прыехала сюды на пастаяннае месца жыхарства, пасадзіла каштан. З насення. Зараз гэта вялікае дрэва здалёк кідаецца ў вочы. Вымахала яно вялікае, вышэй дома і  нават некалькі перашкаджае, бо зацяняе хату. Але Валянціна Іванаўна шкадуе яго, выразаць не плануе. Лаўку змайстравала пад дрэвам і можа адпачыць пад кронай разгалістага прыгажуна. Раней, да пенсіі, часу не хапала на гэта, а цяпер беларуская кабета з моўным рускім акцэнтам можа сабе гэта дазволіць. Як, дарэчы, і заняцца пасадкай мноствам раслін. Тут барбарыс і бружмель, чорныя і чырвоныя парэчкі, бругмансія і манарда, каля 20-ці сартоў лілій… Валянціна Іванаўна вельмі любіць кветкі, умее даглядаць іх, асалоду атрымлівае ад работы на прысядзібным участку.

Знаёмы мы з В.І. Бацэка даўно. Неаднойчы даводзілася пісаць пра перадавую даглядчыцу цялят калгаса імя Юхнаўца (зараз ДП “АграБераснёўка”). Умела жанчына працаваць, самааддана адносілася да працы. Раслі яе бычкі, як у казцы: не па днях, а па гадзінах. У хляве быў парадак. Кажа, што нічога асаблівага ў гэтым не бачыць: працавала, як трэба працаваць. Праўда, цяпер на руках і на нагах пакруціліся пальцы, павылазілі костачкі на фалангах. Чула жанчына, што быццам бы ад гумовых ботаў такі зыход, але яна ў гэта не верыць. Значыць, так трэба: чалавека можа любая хвароба напаткаць.

Пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, нейкі год Валянціна Іванаўна яшчэ працавала на ферме, але дочкі настойліва патрабавалі, каб ішла на адпачынак. Яна і пайшла, але не села склаўшы рукі. Уладкавалася на мясцовы ФАП санітаркай. А затым на агульным сходзе вяскоўцаў яе выбралі старэйшынай вёскі. Нельга сказаць, што хацела гэтай пасады жанчына, але, калі ж выбралі, за справу ўзялася з ахвотай. Кажа, што работы хапае. Сачыць за парадкам у населеным пункце трэба. Іншы раз язык намазоліць, пакуль негаспадарлівых вяскоўцаў прымусіць абкасіць каля плоту, убраць з-за вугла смецце. Старэйшына – гэта стваральнік парадку, арганізатар усіх грамадскіх спраў. Вось і могілкі трэба пачысціць, паклапаціцца, каб усе вяскоўцы былі забяспечаны палівам. Актыўнай Валянціне Іванаўне хочацца, каб і культурная работа была на ўзроўні. Вельмі шкадуе старэйшына, што Бераснёўскі клуб асірацеў, бо мастацкага кіраўніка страціў. Калі працавала Алена Раманенка, дык жылося вяскоўцам весела. Арганізоўваліся канцэрты мастацкай самадзейнасці, у клуб хадзілі не толькі дзеці ды моладзь, але і людзі пажылога ўзросту. Была вакальная група. Ставілі інсцэніраваныя п’ескі, канцэрты. Адзначалі святы першага і апошняга снапа, дзень вясны і ўраджаю. Зараз працуе загадчыкам клуба іншы работнік, але, апрача дыскатэкі, рэдка што арганізоўваецца. Па словах начальніка вёскі, адсутнічае ў іх і бытавое абслугоўванне. Яна вось ездзіць у Докшыцы ў цырульню. Рамонт абутку альбо бытавой тэхнікі таксама ажыццявіць на месцы нельга. Чакаюць вяскоўцы і фельчара. Праўда, прыязджаюць на ФАП урачы два разы ў месяц, ды і  “хуткая дапамога” сапраўды з’яўляецца хутка пры неабходнасці. Але ж і мясцовы доктар вяскоўцам патрэбны.

Вёска Бераснёўка вялікая. Тут пражывае каля 90 чалавек, сярод якіх шмат людзей пенсійнага ўзросту, але нямала і моладзі. Дамы ўзводзяцца за кошт мясцовай сельгаспадаркі. Функцыянуюць дзіцячы садок, школа. Каб забяспечыць  вёску гарадскім камфортам, то, лічыць старэйшына,  заставалася б тут больш людзей. Квітнеў бы населены пункт у такім  каларытным, маляўнічым месцы Беларусі. З Сібіры прыехала Валянціна Іванаўна сюды, бо любіць гэты куток зямлі і зычыць яму росквіту.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *