Студенты строят ферму в Докшицком районе

У нашым раёне ва ўсіх сельгасарганізацыях вядуцца мантажна-будаўнічыя работы па рэканструкцыі і перааснашчэнні малочна-таварных ферм, што дасць магчымасць павялічыць аб’ёмы прадукцыі і якасць малака.  На рамонт такіх аб’ектаў з абласнога бюджэту выдзелена 2,6 млрд. рублёў.

Будаўніцтва новай МТФ “Вецяра”, заказчыкам якой з’яўляецца ААТ “Таргуны”, пачалося яшчэ ў мінулым годзе, але тэмпы работы былі не такімі хуткімі, як хацелася б. На сённяшні дзень на новабудоўлі праца актывізавалася, бачны пэўныя зрухі. Вядома, што пабудаваць аб’ект, плошча якога складае дзесяць квадратных кіламетраў, патрабуе не толькі значнага ўкладання грашовых сродкаў, але і рабочых рук.

Нядаўна ў наш раён прыехаў студэнцкі будаўнічы атрад “Дзвіна” ў складзе 21-го чалавека. Сямнаццаць юнакоў замацаваны на ўзвядзенні фермы, а чатыры заняты будаўніцтвам ЖБК-№10 у райцэнтры.

Днямі мы пабывалі на новабудоўлі і пагутарылі з Артурам Вітолем і Аляксеем Валошчанкам – студэнтамі-чацверакурснікамі інжынерна-будаўнічага факультэта Полацкага дзяржаўнага універсітэта, якія былі заняты бетаніраваннем днішча сянажнай траншэі.

– Як спраўляецеся з заданнем? – пытаемся.

– Як бачыце – работа ідзе. У мінулым годзе мы ўжо працавалі на ўзвядзенні малочна-таварнай фермы ў Верхнядзвінскім раёне, таму які-ніякі, а вопыт маем, – гаворыць Артур.

– Першыя ўражанні ад Докшыцкага раёна? Ці задаволены ўмовамі пражывання, якія тут для вас стварылі?

– У вашым  раёне мы ўпершыню – падабаецца. У сем гадзін вечара мы ўжо свабодныя ад работы. Жывём у адміністрацыйным будынку ПМК-52, дзе нам выдзелілі памяшканне. Тут ёсць усё, што патрэбна: халадзільнік, тэлевізар, санвузел, гарачая вада. А хто жадае, можа і спортам заняцца – на месцы стаяць трэнажоры і тэнісны стол. Харчуемся тры разы ў дзень у кафэ “Блюз”, – распавядаюць студэнты.

Перад атрадам “Дзвіна” стаіць задача выканаць немалы аб’ём работ і галоўнае, каб выкананне было якасным. Кантралюе ўвесь будаўнічы працэс старшы прараб Віктар Махонь: 

– Маладыя будаўнікі падзелены на чатыры звяны: адна група працуе на даільна-малочным блоку – абуладкаванні даільнай ямы; другая выконвае работы па будаўніцтве пляцоўкі для часовага каранціравання гною; трэцяя – на бетаніраванні днішча сянажнай траншэі; чацвёртая ўзводзіць дах – устанаўлівае закладныя дэталі. 

У перспектыве МТФ “Вецяра” будзе ўяўляць сабою два кароўнікі, разлічаныя на 1000 галоў, і памяшканні, дзе будуць утрымлівацца маладняк, цялушкі і сухастойныя каровы. Тут жа будуць пабудаваны 10 сянажных траншэй, 6 пляцовак для каранціравання гною, 3 дызбар’еры, навес для сена, санпрапускное памяшканне, ваданапорная вежа і вагавая трансфарматарная падстанцыя.

– Вельмі прыемна, што хлопцы, якія прыехалі да нас на будаўніцтва аб’екта, да пастаўленай задачы адносяцца з усёй сур’ёзнасцю, працуюць добрасумленна. Калі штосьці не разумеюць, то хутка вучацца і ўсё ў іх атрымоўваецца. Малайцы ! — падвёў вынік нашай размовы Віктар Уладзіміравіч.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *