Трудовую и интересную жизнь прожили пенсионеры Бобровские из Докшиц

У свае за 70 Мікалай Зянонавіч і Ніна Аляксееўна Баброўскія з Літоўцаў выглядаюць дастаткова маладымі. А ў час гутаркі з імі гадоў гэтых увогуле не заўважаеш: настолькі яны цікавыя, энергічныя, аптымістычна настроеныя.  Калі б не ўзгадавалі пра тое, што дочкі добрыя, дарослыя ўнучкі – залатыя, то, мабыць, і    ўвогуле забыліся б пра ўзрост людзей, з якімі толькі што пазнаёміліся.

Мы сустрэліся з імі ў адзін з сонечных чэрвеньскіх дзён. На лаўцы, што стаяла каля ашаляванай хатай насупраць зялёнага саду, сядзеў стройны, падцягнуты мужчына, побач з ім была і кабета – яго жонка . Мы вітаемся і крыху сумняваемся ў тым, што трапілі менавіта туды, куды нам прапанавалі ў канторы КУП “Докшыцкі”. Былі настроены на тое, што сустрэнуць нас пажылыя, замучаныя працай людзі. Нам расказвалі, што Мікалай Зянонавіч усё жыццё працаваў на розных відах сельскагаспадарчай тэхніцы (араў, сеяў, жаў), што мае ўласны трактар і некалькі гектараў зямлі. Што даглядае дамашнюю пасеку, дапамагае вяскоўцам у апрацоўцы гародаў. Было вядома, што даўно на заслужаным адпачынку і яго спадарожніца, якая 17 апошніх гадоў перад пенсіяй узначальвала “нафтабазу” сельгаспрадпрыемства. Вынікала само: людзі спрацаваныя, а значыць, з адбіткам працы на твары, руках, руху. І вось табе – поўная супярэчнасць: жвавыя вяскоўцы ў росквіце гадоў.

– Мы поўнасцю шчаслівыя людзі, – дзеліцца з намі гаваркая Ніна Аляксееўна і не баіцца ўспудзіць удачу. – Пенсію нядрэнную атрымліваем, жыўнасць трымаем, нават кароўка ёсць, а не так даўно былі  дзве. На сваіх нагах ходзім. Што больш патрэбна (ні то ў мяне спытала, ні то ўдакладніла сказанае жанчына)?  Мары нашы збыліся. Вельмі з дзедам хацелі, каб унучкі атрымалі вышэйшую адукацыю. Калі адна з іх паехала ў Мінск за вынікамі тэстаў, дык і я апынулася ў сталіцы. Не было сіл чакаць тэлефоннага званка.  Дзякуй Богу, усё атрымалася так, як запланавалі. Пасля заканчэння ўніверсітэтаў адна стала працаваць у Маладзечне начальнікам аддзела на мясакамбінаце, другая – у Мінску ў навукова-даследчым інстытуце. Прыязджаюць да нас, тэлефануюць, прысылаюць віншавальныя паштоўкі і падарункі. Вось паглядзіце, як напісана: “Самы лепшы дзядулечка…”, “Мілая мая бабулечка…”. Нам ужо нічога не трэба, апрача ўвагі, а вось такія словы вельмі грэюць душы. Не сорамна перад людзьмі ні за дачок, ні за зяцёў. Вось адзін нядаўна рамонт у хаце зрабіў, пафарбаваў столь, дзверы. Прыязджае і другі,  таксама дапамагае. Ды і мы ж ім. Вось пчолак трымаем, мёд выкачаем —  у горад адправім. Дзеля дзяцей, дзеля іх жывём на свеце.

– Але ж самі жывём, – умешваецца ў размову жартаўлівы Зянонавіч. – І няблага жывём. Паміж небам і зямлёй, раем і пеклам самае дарагое і прыемнае  – жыццё. Вось толькі людзям на пенсіі не хапае зносінаў. Не тое, што навіны патрэбна ведаць, але сустрэцца, пагутарыць  хочацца. Прывык быць сярод людзей. Здаецца, каб пачаць жыццё спачатку, то з радасцю пачаў бы яго, як і тады,  з нуля. Пажаніліся два беднякі, цяжка станавіліся на ногі, ды сумелі стаць, цяпер патрэбу ні ў чым не маем. Здзіўляюся меркаванням іншых, якія лічаць, што карову зараз не выгадна трымаць у дамашняй гаспадарцы.  Як без яе ўвогуле вяскоўцам? Калі не трэба грошы, не асабліва ў пашане малочныя стравы, то можна ж для дзяцей, унукаў гарадскіх працаваць, займацца спрадвечна сялянскай працай. Няўжо лепш без справы сядзець? Памятаю, у свой час выгадна было мець на камбайне зорачку, як адзнаку за добрасумленную працу. Не грошы лічылі, а маральна задавальняліся. Хаця, стамляліся. У нас заўсёды была вялікая гаспадарка. Пасеку развёў, удваіх даглядалі за пчоламі. Затым узялі ў арэнду 5 гектараў зямлі і працавалі на ёй пасля таго, як прыходзілі з калектыўнага поля (жонка доўгі час працавала брыгадзірам паляводаў). Зараз вось пакінулі для сябе толькі 2 гектары – жывём, як інтэлігенты.

Можа і так, але працуюць гэтыя людзі па-вясковаму. Бачна, што пад плёнкай  пасаджаныя агуркі і памідоры, у адкрытым грунце – мноства іншай агародніны. За плотам стаяць пчаліныя домікі, а крыху далей пад дахам – “Беларус”. Размешчана ўсё культурна, з густам. Люба-дорага паглядзець на іх прысядзібны надзел.

Ніна Аляксееўна і Мікалай Зянонавіч – прыемныя субяседнікі, шчырыя, тактоўныя і прыветлівыя. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу,  падзяліцца апошнім, радуюцца, што на іх жыццёвым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: шчаслівыя Баброўскія.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *