В Докшицах три года работает кружок авиамоделирования
Хто з нас не марыў у дзяцінстве навучыцца лётаць? Асабіста мы з сяброўкай спачатку выраблялі крылы з цэлафану (якія, канечне, не прынеслі плёну ў нашых спробах узняцца ў неба), а пасля майстравалі самалёт з татавых дошак, але бацькі агледзеліся і хутка спынілі наш энтузіязм. Такім чынам, так і не дасягнуўшы патрэбнай вышыні, мара вымушана заставацца недзе ў сэрцы. Іншая справа, калі “плацдарм” для мары падрыхтаваны і “ўзлётная паласа” адведзена па ўсіх нормах і правілах, дзякуючы прафесійнаму настаўніку. І знаходзіцца ўсё гэта ў Цэнтры дзяцей і моладзі, у гуртку авіямадэлявання – там сапраўды вучаць лётаць.
Своеасаблівым вынікам трохгадовай працы гуртка стала выстава “З марай пра неба”, якая праходзіць у ЦДзіМ. Акрамя малюнкаў выяўленчай студыі, кабінет цалкам завешаны разнастайнымі авіямадэлямі так, што вочы не проста разбягаюцца – разлятаюцца! Аказалася, што авіямадэляванне прыйшло ў Докшыцы з вяртаннем сюды прафесіянала ў гэтай справе Аляксандра Гапанёнка, зараз кіраўніка гуртка. Для яго стварэнне маленькіх самалётаў, а пасля запуск іх у неба ператварылася ў жыццё. Таму вучыць гэтай справе юных дакшычан лічыць сваім прызваннем.
– Гэта не проста гульня, – распавядае Аляксандр Алегавіч. – Авіямадэляванне значна развівае тэхнічнае мысленне, знаёміць хлапчукоў з тэхнікай. Яны будуць ведаць, як забіць цвік, правільна адпілаваць і г.д. Таксама атрымліваюць азы радыёэлектронікі на ўзроўні падключэння электрарухавіка, электрычнага паяння. Упэўнены, гэта ўсё спатрэбіцца ў жыцці маім выхаванцам.
Тры групы хлопцаў па восем чалавек спачатку ствараюць мадэль самалёта з разнастайнага матэрыялу: ад паперы да столевай пліткі. (Папяровая мадэль складаецца з 100-120 дэталяў, а можа быць і 500.) Разбіраюцца ў электрарухавіках і рухавіках унутранага згарання – умацоўваюць іх на пэўныя мадэлі. Затым вучацца імі кіраваць на спецыяльнай камп’ютарнай праграме і з дапамогай трэнера, які сваім пультам кіравання каардынуе дзеянні. Ну, а пасля лётаюць самі! Але трэба трымаць у памяці, што цана аднаго няправільнага руху, адной памылачкі – зламаная мадэль, на стварэнне якой затрачана шмат сіл і часу.
Аднак і ў гэтай высокай справе не абыходзіцца без “аблокаў”. Авіямадэляванне патрабуе значных фінансавых затрат, сур’ёзных – асабліва, калі выходзіць на ўзровень спорту, як гэта адбываецца за мяжой.
– Каб аснасціць усім неабходным самую простую мадэль і падняць яе ў паветра – трэба каля 100 долараў, – апісвае сітуацыю кіраўнік гуртка. – Вядома, не ўсе бацькі гатовы аддаваць такія сумы на хобі сына, таму змагаемся сваімі сіламі: шмат патрэбнага для палёту засталося ў мяне пасля працы ў Мінску, прыношу свае прылады і інструменты.
Аказваецца, мара “навучыцца лётаць” можа нават лёгка ператварыцца ў прафесію. Гурткоўцы могуць стаць аператарамі беспілотнага апарата: такія апараты, напрыклад, выкарыстоўвае МНС пры аглядзе плошчаў пажару. Такі апарат можа здымаць відэа – з дапамогай мабільніка выхаванцы гуртка ўжо знялі наваколле Докшыц. Увогуле, гэта справа прыносіць не толькі практычныя ўменні і веды, але і вучыць лётаць душу. А гэта ўжо нямала!
Таццяна МАЦЮШОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Гапанёнак са сваімі лепшымі гурткоўцамі — (злева направа) Мікітам Канашыцам, Уладзіславам Пруднікам і Кірылам Сяцко. Фота В. Чарвінскага.