В Докшицком районе не готовы принять отдыхающих две зоны отдыха

Рашэннем райвыканкама ад 17 мая 2012 года да 1 чэрвеня – адкрыцця купальнага сезона – на тэрыторыі нашага раёна павінны былі быць добраўпарадкаваны 13 зон масавага адпачынку, на 5 больш, чым у мінулым годзе. Іх абуладкаваннем абавязаны займацца  прадпрыемствы і ўстановы, за якімі гэтыя зоны адпачынку замацаваны. Паколькі знаходзяцца яны ля вадаёмаў, там трэба было  добраўпарадкаваць пляжы, ачысціць берагі і дно вадаёмаў у месцах купання, стварыць пад’язныя дарогі і стаянкі для аўтамабіляў, устанавіць папераджальныя і інфармацыйныя знакі, дзе трэба – шлагбаумы. Абавязкова  ў зонах адпачынку павінны быць кантэйнеры для збору смецця, грамадскія туалеты, раздзявалкі, а таксама ценявыя навесы. На наяўнасць усяго гэтага і правяралі месцы адпачынку ўдзельнікі рэйду, узначальвалі які старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намеснікі старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч і  Андрэй Шнітко, галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Прыгажонак.  Прысутнічалі таксама начальнікі і спецыялісты аддзелаў райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў і службаў раёна.

Гатовы да прыёму адпачываючых 11 зон адпачынку. Лепшую работу па іх падрыхтоўцы правяло РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, якое абуладкавала месцы адпачынку на трох замацаваных тэрыторыях: докшыцкім возеры і двух бягомльскіх вадаёмах. Пастаралася Докшыцкае ПМС, якое добраўпарадкавала пляж на Сэрвачы (здымак 1). Тамашняя зона адпачынку сёлета адпавядае нормам. Адзінае, чаго б хацелася ёй надаць, гэта яркасці: не перашкодзіла б пафарбаваць альтанкі і крыху іх падрамантаваць. Яшчэ адно «падшэфнае» возера ПМС – Межужол. Сюды не прыязджаюць загараць і купацца, бо гэты вадаём не прызначаны для купання, затое ў рыбакоў гэта – улюбёнае месца, дзе для іх створаны прыстойныя ўмовы. Якасна можна адпачыць на камайскім вадаёме, за які адказвае Докшыцкая арганізацыйная структура БТПР. Паклапацілася пра “сваё” янкоўскае возера СТАА “Хольцімпэкс”. Не сорамна за месцы адпачынку ў “Калодах” і паляўнічым комплексе Бягомльскаму лясгасу. Шмат увагі, як і заўсёды, надалі «падшэфным» вадаёмам санаторыі “Баравое” і “Лясное”. Пакуль што ў названых месцах чыста і хораша. Хацелася б, каб так засталося да канца лета. І залежыць гэта не толькі ад абавязаных “шэфаў”, якія будуць сачыць за парадкам, а больш ад саміх адпачываючых – іх выхаванасці і сумлення.

Абсалютны кантраст названым тэрыторыям ствараюць зоны адпачынку ля возера Медзазол, што ля вёскі Бірулі, і ракі Бярэзіны ля вёскі Беразіно. У хранічны боль перайшло непаразуменне па дадзенай праблеме з Бярэзінскім запаведнікам, які павінен даглядаць гэтыя месцы адпачынку. Напрыклад, возера Бірулі, як яго называюць у народзе, было самым папулярным месцам у аматараў адпачыць ля вады. Больш таго, тут заўсёды праходзяць турыстычныя злёты. Аднак ужо каторы год неахайны выгляд пляжнага месца адпужвае адпачываючых. Абрасла быллём і крапівой разваленая раздзявалка, у такім жа стане скрыня для смецця (здымак 2). Туалет увогуле заваліўся на бок, лаўкі і стол цяжка назваць сваімі назвамі (здымак 3). Па ўсім пляжы – трава ў пояс. Інфармацыйны стэнд учарнеў і патрапаўся ад старасці. Недатыкальным засталося і  другое “падшэфнае месца” запаведніка на рацэ Бярэзіне. Праблема застаецца адкрытай і будзе вырашацца на ўзроўні раённай улады.

 

Далёка не ва ўсіх названых вадаёмах можна бяспечна купацца. Даследаваны і ачышчаны вадалазамі месцы купання толькі на пяці з іх: двух бягомльскіх, вадаёма санаторыя “Баравое”, докшыцкага (здымак 4) і янкоўскага.

Хочацца, каб грамадзяне праяўлялі свядомасць пры арганізацыі свайго адпачынку: купаліся толькі ў прызначаных для гэтай мэты месцах, бераглі пляжнае абсталяванне, не смецілі, не заязджалі на тэрыторыю пляжаў на аўтамабілях. На каго не ўздзейнічае сумленне, прыйдзецца ўздзейнічаць адміністрацыйным пакараннем. Кодэксам Рэспублікі Беларусь за невыкананне патрабаванняў па ахове вод ад забруджвання для грамадзян прадугледжаны штрафы ад 20 да 300 базавых велічынь.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота аўтара і В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *