Жыццём абавязаны МНС
Выпадак на былым цагляным заводзе ў Крулеўшчыне даў магчымасць байцам раённага аддзела МНС праявіць прафесійную вывучку і ўратаваць чалавека.
Для начальніка змены Аляксандра Мацюшонка і вадзіцеля Аляксандра Білкшты, хоць і служаць яны не адзін год, падобны выпадак здарыўся ўпершыню ў практыцы. Калі іх каравул па выкліку прымчаўся ў Крулеўшчыну на былы цагляны завод, то першае, што яны ўбачылі, гэта жанчыну, якая ў істэрыцы прасіла дапамагчы мужу. Мужчына ляжаў прыціснуты жалезабетоннай плітой, але быў у прытомнасці. Апошняя акалічнасць вельмі дапамагла выратавальнікам. Складанасць вызваленчых дзеянняў была ў тым, што кускі жалезнай арматуры ўпіраліся пацярпеламу прама ў грудзі. Пры адзіным непрадуманым руху яны маглі праткнуць небараку, як мятліка. Трэба аддаць належнае прафесіяналізму выратавальнікаў. Яны дакладна пралічылі сітуацыю, акуратна разрэзалі пліту, вызвалілі заблакіраванага пад ёй аматара чужой цэглы і перадалі яго падаспеўшым медыкам. Дарэчы, жонка пацярпелага адразу выклікала “хуткую” дапамогу, хаця з самага пачатку ёй трэба было набіраць 101.
Менавіта супрацоўнікі МНС сталі тым цудам, якое падоўжыла жыццё жыхару пасёлка. Дарэчы, мужчына са сваёй сужыцелькай бяду на сябе наклікалі самі, калі адправіліся ў будынак былога завода “здабываць” цэглу. Але толькі пачалі разбіраць сцяну, як пліта “паехала”. Магчыма гэты выпадак, які ледзь не стаў няшчасным, стане перасцярогай для ўсіх, хто пажадае гэтак жа груба парушаць тэхніку ўласнай бяспекі.
Выратавальныя работы супрацоўнікам райаддзела дапамагалі праводзіць байцы Крулеўшчынскага ПАВП: камандзір аддзялення Аляксей Шыталь і вадзіцель Аляксандр Козел. Выпадак на цагляным заводзе стаў першай практыкай выратавальных дзеянняў для студэнта-практыканта Салігорскага каледжа Віктара Навіцкага, які, па яго словах, адчувае гонар за выбраную прафесію выратавальніка.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) прапаршчык Аляксандр Білкшта, старшы лейтэнант Аляксандр Мацюшонак, курсант Віктар Навіцкі.
Фота А. Варанковіча.