Для сестёр из Россонского района Докшицы стали второй родиной
У жніўні споўніцца роўна дзесяць год, як Алена Бутар і Святлана Місюль, пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча, прыехалі працаваць лабарантамі ў Докшыцкую ЦРБ. Сёстры нарадзіліся і выраслі ў в. Кавалі Расонскага раёна. Праз усё сваё жыццё дзяўчаты ідуць побач, інакш быць і не можа, бо яны – блізняты. Дзіцячы садок, школа, вучылішча, месца працы, – на кожным здымку іх сямейнага альбома яны разам.
– Мама заўсёды марыла, каб мы сталі ўрачамі. Але ж трэба камусьці і лабарантамі працаваць… Пасля заканчэння школы доўга разважалі: паступаць у педагагічнае ці медыцынскае, сумесна выбралі апошняе. Калі прыйшоў час размеркавання пасля заканчэння вучылішча, нас вырашылі не разлучаць, магчыма бачылі нашу асаблівую збліжанасць, і таму шукалі месца, дзе патрабуюцца два лабаранты, – на пачатку нашай размовы расказваюць сёстры.
У Докшыцах ім выдзелілі два пакоі ў інтэрнаце, які знаходзіцца на тэрыторыі бальніцы: адзін для жылля, другі пад кухню. Алена сваю прафесійную дзейнасць пачала на хуткай дапамозе, а Святлана ў паліклініцы. Калектыў іх сустрэў вельмі цёпла, для маладых спецыялістаў былі створаны ўсе неабходныя ўмовы працы. Адразу ж сёстры пачалі прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці. Неаднойчы разам з калегамі яны спявалі і танцавалі, як для сваіх работнікаў у час правядзення карпаратыўных мерапрыемстваў, так і на раённай сцэне. Два гады абавязковай адпрацоўкі праляцелі, як адно імгненне. І калі паўстала пытанне: застацца тут ці знайсці новае месца працы, дзяўчаты без роздумаў і ў адзін голас сказалі: “Застаёмся!”
– Мы не любім вялікіх гарадоў, іх хуткі тэмп жыцця і мітусню. Докшыцы – маленькі, утульны і вельмі прыгожы гарадок, які мы вельмі палюбілі, ды і шкада было пакідаць ужо напрацаванае месца, – практычна ў адзін голас сцвярджаюць блізняты.
У 2008 годзе Святлана выйшла замуж, у яе нарадзіўся сынок Ванечка. Толькі гэта ні ў якім разе не паўплывала на блізкія зносіны сясцёр. Маладой сям’і выдзелілі два пакоі ў тым жа інтэрнаце, і зараз яны суседкі. Муж Светы працуе ў воінскай часці ў Барысаве, прыязджае толькі на выхадныя, а таму першай памочніцай для маладой мамы з’яўляецца сястра.
– Мы жывём вельмі дружна, ніколі не сварыліся, у нас аднолькавыя інтарэсы. Мы не толькі сёстры, але і самыя блізкія сяброўкі. За ўсё жыццё мы не раставаліся на доўгі час, хіба толькі тады, калі ў водпуск выходзілі паасобку, але кожны дзень дзяліліся навінамі па тэлефоне.
У час размовы я глядзела на сясцёр з зайздрасцю. Яны не толькі дзве палавінкі, але і адна адной моцная апора. Адразу ўспомніліся словы з песні сясцёр Зайцавых: “Как похоже в нас всё до мелкого, эта девушка – моё зеркало, если я грущу и оно грустит, всё ему прощу и оно простит…”
Таццяна ШУЛЬГАТ.
На здымку: для сясцёр Алены Бутар і Святланы Місюль Докшыцы сталі другой радзімай.
Фота аўтара.