Докшицкий бухгалтер — за прилавком
Сёлета 1 жніўня спаўняецца 10 год, як у райцэнтры адкрылася крама “Маладзёжная”. Увесь гэты час прадаўцамі ў ёй нязменна працуюць дзве Тамары: Падцяроб і Яцкоўская.
У гандлі падобнае не часта сустрэнеш.
– Тамара Анатольеўна Падцяроб – гэта крыштальна сумленны і вельмі прыстойны чалавек, – гаворыць Тамара Мікалаеўна пра сваю калегу. – Я з ёй пайду працаваць у любую гандлёвую кропку. Ведаю, што і там у нас усё атрымаецца, бо мы працуем на поўным даверы.
У ”Маладзёжнай” за ўвесь гэты час не было ніводнай грашовай недастачы. Падцяроб падобных непрыемнасцей не ведае ўсе 30 год, што яна працуе ў гандлі. Была загадчыцай мяса-малочнага аддзела ва ўніверсаме, крамы “Хлеб”. Пераходзіла на новае месца працы толькі ў тым выпадку, калі аддзел ці крама закрываліся наогул. Зараз яна з’яўляецца прадаўцом самага высокага шостага разраду, мае першую катэгорыю. Пасады загадчыцы ў краме “Маладзёжная” няма, але Тамара Анатольеўна выконвае яе абавязкі, адказвае за вядзенне ўсёй дакументацыі. Тавараабарот у гэтай гандлёвай кропцы невялікі, у сярэднім у месяц атрымліваецца каля 90 мільёнаў рублёў (тэмп росту ў супастаўных цэнах за 5 месяцаў 2012 года склаў 100,8 працэнта), бо знаходзіцца крама ў нешматлюдным раёне. Патэнцыяльнымі пакупнікамі з’яўляюцца жыхары прыватных дамоў і работнікі райгаза. Зрэдку наведваюцца прахожыя ці праязджаючыя. Амаль трэцюю частку тавараабароту дае гандаль дзіцячым харчаваннем. Яго ў краме адпускаюць дзеткам амаль з усяго раёна. У “Маладзёжнай “ загружаюцца малочнымі прадуктамі і па неабходнасці іншым таварам дзве аўтакрамы. Такім чынам, работы прадаўцам хапае, вось толькі аплачваецца яна, канечне, вельмі сціпла, бо асноўнай падставай для налічэння заработнай платы з’яўляецца ўсё ж такі тавараабарот. Шкада, што высокая прафесійная кваліфікацыя Падцяроб не знайшла больш эфектыўнай яе эксплуатацыі.
Па прафесіі Тамара Анатольеўна – бухгалтар. Яна закончыла завочна ў 1994 годзе з “чырвоным” дыпломам Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. Але перш была Бягомльская дзясяцігодка, атэстат з добрымі адзнакамі і няўдалая спроба паступіць у інстытут. Пасля гэтага, не пытаючыся, брат аднёс яе дакументы ў гандлёвае вучылішча. Так яна і стала прадаўцом. Калі закончыла тэхнікум, пайсці працаваць бухгалтарам ёй ніхто не прапаноўваў, а яна сама па сваёй сціпласці нікуды не прасілася. Так і засталася вернай гандлёваму прылаўку.
У калектыве спажывецкай кааперацыі Тамару Анатольеўну паважаюць за прафесіяналізм і кампетэнтнасць, пачуццё адказнасці за даручаную справу і высокія чалавечыя якасці. Яе бездакорная шматгадовая праца ўшанавана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
На здымку: прадавец крамы «Маладзёжная», што у г. Докшыцы, Тамара Анатольеўна Падцяроб.