Докшицкий «Выток» становится международным
Здавалася б, толькі нядаўна пачалося лета, а ўжо праляцелі два месяцы школьных канікулаў. Усе бавілі час па-рознаму. Для адных гэта быў актыўны адпачынак у вёсцы, для іншых — сонечны, на моры, ці насычаны і вясёлы ў лагеры. А ёсць і тыя, хто не толькі адпачываў, але і зарабляў грошы, і гэта лета для іх запомніцца, як праведзенае з карысцю…
Вось ужо дзевяць год, як існуе і актыўна дзейнічае валанцёрскі маладзёжны лагер “Выток”. Ужо выраслі першыя яго ўдзельнікі, а ідэя засталася. Сёлета, як і кожнае лета, актывісты БРСМ сабраліся разам на сваім традыцыйным месцы: недалёка ад маленькага вытоку ракі “Бярэзіна”.
Ужо пры пад’ездзе да лагера мы пачулі духмяны і незабыўны пах гарбаты з мятай: дзяўчаты рыхтавалі сняданак. Гэта быў апошні дзень іх стаянкі, а таму некаторыя яшчэ ціха пасапвалі ў сваіх палатках, атрымліваючы асалоду ад апошняй раніцы, калі будзіць не надакучлівы будзільнік, а прыемны напеў лясных птушак.
Пакуль “вытокаўцы” прачыналіся, мы агледзелі тэрыторыю лагера. На прыгожай і чыстай лясной паляне стаялі пяць турыстычных палатак. Асобнае месца было адведзена вялікаму сталу з лаўкамі, дзе юнакі і дзяўчаты збіраліся не толькі на сняданак, абед і вячэру, але і для абмеркавання надзённых пытанняў, планаў, а таксама дзяліліся сваімі ўражаннямі, якіх, безумоўна, было шмат. Тут жа, на ствале магутнай сасны, размясцілася імправізаваная дошка аб’яў, дзе, акрамя рэжыму дня і планаў на дзень, знаходзіўся графік дзяжурстваў – чысціні ў лагеры надзялялі вялікую ўвагу. А вось і касцёр – святое месца любога турыста.
– Па традыцыі лагер “Выток” носіць валанцёрскі характар. Мы не толькі адпачываем, але і працуем, – адзначае начальнік лагера першы сакратар райкама “БРСМ” Дзмітрый Чувахоў. – Хлопцы і дзяўчаты прынялі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні гарадскога стадыёна: сабралі смецце, камяні, разраўнялі пясок на тэніснай пляцоўцы.
Скарыстаўся суседствам з “вытокаўцамі” і жыхар вёскі Чырвонае Беразіно Казлоўскі, які папрасіў моладзь скласці сена ў пуню. На працягу двух дзён маладыя людзі дапамагалі пенсіянеру. У знак удзячнасці для іх была зацеплена лазня.
Насычанай у лагеры была і культурная праграма. Некалькі вечароў у госці з баянам да моладзі наведваўся Аляксандр Жаўнерка. Песні, танцы, гульні, вечары ля кастра яны запомняць яшчэ надоўга.
– У гэтым годзе наш лагер можна назваць міжнародным, – падзяліліся з намі важатыя лагера Вольга Касцюк і Юрый Чувахоў. – Акрамя вучняў дзвюх гарадскіх школ, разам з намі адпачывала і прымала самы актыўны ўдзел у жыцці лагера дзяўчына з Латвіі. Яна адказвала за чысціню посуду…
– О, да, зараз гэта будзе маім любімым заняткам, – далучаецца да нашай размовы Марыя, дзяўчына з тонкім балтыйскім акцэнтам. – Я прыехала на летнія канікулы да свайго дзядулі ў Докшыцы, і мае беларускія сябры прапанавалі гэты лагер, абяцалі неверагодныя ўражанні. Так крута я яшчэ ніколі не адпачывала! Мне спадабалася тут усё! Мяне навучылі чытаць на рускай мове. Тут вельмі смачна кармілі, ежу гатавалі на кастры, для мяне тут усё было ўпершыню.
Традыцыйныя турыстычныя макароны з тушонкай, печаная ў кастры бульба ўперамешку са свежым паветрам – гэта самая смачная ежа ў свеце. А таму талеркі тут заўсёды заставаліся пустымі. Выкарыстоўвала моладзь і дары лесу. З ягад варылі кампот і варэнне, з грыбоў – суп.
За дапамогу ў арганізацыі лагера яго начальнік удзячны аддзелу адукацыі райвыканкама, які выдзеліў фінансавыя сродкі, “Докшыцкаму лясніцтву” – за дровы, Бярозкаўскай, Парплішчанскай школам і СШ № 1 – за палаткі, РУП ЖКГ – за стол і лаўкі, а таксама бацькам удзельнікаў лагера “Выток”, якія перыядычна наведвалі сваіх дзяцей і заўсёды не з пустымі рукамі.
Патушаны апошні вугольчык валанцёрскага лагера “Выток”, але ўжо ў наступным годзе ён з новай сілай разгарыцца, каб сустрэць сваіх былых сяброў і новых “вытокаўцаў”.
Таццяна ШУЛЬГАТ.
На здымку: удзельнікі лагера “Выток”.
Фота В. Чарвінскага.