Докшицы: новый банкомат со старыми проблемами
Мякка кажучы, непахвальныя выказванні пра новы банкамат “Беларусбанка” часцяком можна пачуць ад карыстальнікаў пластыкавых картак. Некалькі месяцаў таму яго ўстанавілі ў будынку ЦБП № 209 ААТ “ААБ Беларусбанк” па вуліцы Ленінскай у Докшыцах. Аднак парадавацца яго паслугамі выпадае, напэўна, радзей, чым наракаць на яго бескарыснасць: то ён часова не працуе, то ў наяўнасці няма грошай. Ад абурэння грамадзян сучасную аўтаматычную машыну не выратоўвае ні прыгожы дызайн, ні вялікая сфера магчымасцяў. Які з іх толк, калі паспяховасць прасцейшай аперацыі па атрыманні грошай лічаць удачай. Новая ўстаноўка выходзіць са строю з недапушчальнай частатой і прымушае сваіх карыстальнікаў нервавацца, бегчы да бліжэйшага банкамата, што ля гасцініцы. Там з-за натоўпу такіх жа расчараваных карткаўладальнікаў нярэдка выстройваецца доўгая чарга, у якой саркастычна ўспамінаюць лозунгі пра клопат аб кліентах. Асабліва такія “клопат, зручнасць і хуткасць”, якія абяцае банк сваім кліентам, ратуючы за выкарыстанне пластыкавых картак, напружваюць у рыначны і выхадныя дні.
Лагічна, што перш, чым агітаваць людзей карыстацца сучаснымі, бясспрэчна, зручнымі паслугамі, трэба стварыць для гэтага ўмовы і сачыць за іх даступнасцю, а не падрываць свой аўтарытэт частымі доўгатэрміновымі непаладкамі. За час “працы” новага банкамата, многія ўладальнікі пластыкавых картак прыйшлі да высновы, што лепш па старадаўнасці захоўваць наяўныя грошы ў панчосе, як раіла бабуля, чым злавацца на няспраўную прыдумку сучаснасці, з-за якой прыходзіцца траціць час, адкладаць тэрміновыя пакупкі і сустрэчы.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: “Зноў не працуе!”
Фота В. Чарвінскага.