Грамм бережёт тонну, а копейка — рубль — по такому принципу живут сельхозпредприятия Докшицкого района
Выказванне, вынесенае ў загаловак, – вядомая прапісная ісціна. Той, хто пра гэта памятае пастаянна і кіруецца дадзеным правілам, без грошай не бывае. Возьмем да прыкладу ААТ “Таргуны”. Таварыства нават у самым складаным эканамічным становішчы мела на ўласным рахунку сродкі для выплаты заработнай платы, закупу запасных частак, гаруча-змазачных матэрыялаў, а таксама на разлік за электраэнергію. Не горшы стан спраў і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Аднак менавіта гэтыя дзве гаспадаркі першымі ў раёне пачалі ўкараняць новыя спосабы эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў, а значыць, і зберажэння рубля. Восем энерганасычаных трактароў у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” перад пачаткам вясенніх палявых работ абсталявалі сістэмай эканоміі паліва – навігатарамі “Джі-Пі-эС”. Зараз на камп’ютары, што стаіць на стале эканаміста, фіксуецца рух трактара ад мехмайстэрні да поля і назад, а разам з тым затрачаны час на рамонт, адпачынак механізатара, а таксама выкананы аб’ём работ і зрасходаваную колькасць саляркі. За перыяд пасяўной кампаніі ў аграсэрвісе не толькі акупіліся сродкі, затрачаныя на сістэму “Джі-Пі-эС” (32 мільёны рублёў), але нават атрыман прыбытак – у аб’ёме каля васьмі мільёнаў рублёў.
Па падліках галоўнага эканаміста ААТ “Таргуны” Надзеі Тхоравай (на здымку), навігатары, якія ўстаноўлены ў канцы мая на 12 энерганасычаных трактарах, таксама далі станоўчыя вынікі. У чэрвені бягучага года на вывазцы вадкага ўгнаення з ферм было зэканомлена 3 мільёны рублёў у параўнанні з адпаведнымі затратамі летась. Толькі за адзін месяц корманарыхтоўкі гаспадарка атрымала 9 мільёнаў эканоміі! Такім чынам, за кошт выкарыстання меншай колькасці гаруча-змазачных матэрыялаў змяншаецца сабекошт вырабленай прадукцыі, што выгадна не толькі для ААТ, але і для кожнага працаўніка таварыства. Па выніках года прадугледжана прэмія ў памеры 20 працэнтаў ад кошту зэканомленага паліва.
– Затраты дызельнага паліва ў сельскай гаспадарцы размяркоўваюцца дзесьці так: у раслінаводстве – 55 працэнтаў, жывёлагадоўлі – 19 працэнтаў, сушыльнай гаспадарцы – 6 працэнтаў, – гаворыць начальнік аддзела планавання, уліку і рэфармавання ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марына Клімовіч. – У раслінаводстве сярод усіх тэхналагічных працэсаў найбольш энергаёмкімі з’яўляюцца ўборка, пасяўная і перадпасяўная апрацоўка глебы, падрыхтоўка і ўнясенне ўгнаенняў. Навігатары ўстанавілі на тых трактарах, якія ў большай ступені задзейнічаны на вышэй пералічаных работах. Каб выправіць складанае фінансавае становішча запланавана абсталяваць сельгастэхніку навігатарамі ў ДП “АграСітцы” і “Порплішча”. У хуткім часе гэта работа будзе праведзена ў СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”.
Зусім нядаўна прасачыць за тэхнікай, якая выйшла на лінію, было складана, калі не сказаць немагчыма. А ў выніку асобныя механізатары, вадзіцелі аўтатранспарту карысталіся адсутнасцю кантролю і злівалі салярку і бензін, прыпісвалі лішнія рэйсы, а затым падкручвалі спідометры. Зараз зрабіць гэта не ўдасца. Працаваць трэба так, каб прыносіць карысць не толькі сабе, але і прадпрыемству. Дабрабыт кожнага структурнага падраздзялення прадпрыемства і краіны ўвогуле залежыць ад сумлення кожнага з нас. А багатая краіна – багаты і чалавек, які ў ёй жыве.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.