«Канікулы з Богам» традыцыйна праходзяць у парафіі Святой Тройцы ў Докшыцах
Рэкалекцыі ці “канікулы з Богам” – гэта не толькі супольны адпачынак, але час, які прысвячаецца малітве, развагам, новым адкрыццям і, безумоўна, душэўнаму супакою.
“Канікулаў з Богам”, якія ўжо традыцыйна праходзяць у парафіі Святой Тройцы ў Докшыцах, дзеці і моладзь заўсёды чакаюць з вялікай нецярплівасцю. У чэрвені такі прыкасцёльны лагер быў арганізаваны для малодшых школьнікаў, а зараз, вось ужо тыдзень, дзейнічае для старшакласнікаў і моладзі.
На адзінаццаць дзён 60 юнакоў і дзяўчат з Мінска, Маладзечна, Наваполацка, Слоніма, Гродна, Верхнядзвінска, Барысава, а таксама з Докшыц сабраліся разам, каб прысвяціць частку сваіх летніх канікулаў Богу.
“Біблейская гісторыя выратавання” – так гучыць тэма летняй сустрэчы моладзі. Кожны дзень распісаны літаральна па хвілінах. Мадэратар рэкалекцый а. Віталь Юркевіч разам з аніматарамі, сярод якіх а. Віталь, с. Маргарыта, с. Ганна, с. Лаўра і старэйшая моладзь, зрабілі ўсё магчымае, каб праграма была не толькі насычанай, але карыснай і пазнавальнай. З дня ў дзень, падчас канферэнцый, а потым у невялікіх групах моладзь разам са сваімі кіраўнікамі разважае на актуальныя тэмы, якія хвалююць сучасных юнакоў і дзяўчат. Яшчэ ў старажытнасці св. Аўгустын сказаў: “Той хто спявае – моліцца двойчы”. На рэкалекцыях спяваюць шмат: весела і гучна. Праслаўляюць Бога спевамі на ранішняй малітве і вячэрняй, падчас Літургіі, пасля абеду, гуляючы ў гульні і проста так. А пад акампанемент гітары спеў атрымліваецца асабліва шчырым і пранікнёным, асабліва тады, калі спявае хор колькасцю ў шэсць дзясяткаў чалавек. Гэта трэба чуць…
– Брацкія ўзаемаадносіны – гэта тое, што падабаецца больш за ўсё падчас такіх сустрэч моладзі, тут цябе выслухаюць, падтрымаюць і зразумеюць, – падзяліліся з намі Андрэй Ількевіч і Алеся Кезік з Маладзечна. – Кожны дзень тут не падобны на іншы. Ужо з раніцы нас чакае нейкі сюрпрыз, новая тэма разваг на дзень. Напрыклад учора быў “Дзень прабачэння”.
У пятніцу моладзь будзе развітвацца да наступнай сустрэчы, якая адбудзецца ўжо восенню.
Таццяна ШУЛЬГАТ.