Лучик Солнечной улицы в Прудниках Докшицкого района

Дом, у якім жывуць Галіна Шульга і Іван Дубінец, самы прыгожы ў аграгарадку Пруднікі.

Атрымала яго сям’я разам з зямельным надзелам  ад ДП “АграБераснёўка” менш за два гады таму, а паспела ўжо зрабіць з гэтай сядзібы маляўнічую карціну.  Там і альтанка,  дэкаратыўны калодзеж, месца для пікніка  з драўлянымі лаўкамі і сталом, міні-сажалка з мосцікам, паўсюдна разнастайныя фігуркі і ліхтарыкі  – і ўсё гэта патанае ў кветках. Прайсці раўнадушна, каля двара немагчыма, многія, асабліва не мясцовыя, фатаграфуюць яго на памяць.

Вялікая тэрыторыя ля дома, прыкладна ў 10 сотак – была падарункам для творчай душы гаспадыні. Пачыналі, як гаворыць Галіна Пятроўна, з таго, што прывозілі добрую зямлю, разраўноўвалі тэрыторыю, разбівалі клумбы, саджалі кветкі. Справа ішла хутка, бо ландшафтным дызайнам захапілася не толькі жонка, але і муж. Галіна Пятроўна больш займалася ўпрыгожваннем, а Іван Іванавіч – будаўніцтвам. Усе драўляныя пабудовы ён зрабіў сваімі рукамі. Напрыклад, стол з лаўкамі змайстраваў за тры гадзіны па ўзоры з часопіса.   “Такое было жаданне і энтузіязм! – захапляецца Галіна Пятроўна. – У Івана, напэўна, больш нават інтарэсу было, чым у мяне”, – хваліла яна мужа.

Аднак хваліць іх трэба абаіх: утрымліваць такі вялікі двор у ідэальнай чысціні і дагледжанасці – гэта вялікая штодзённая работа. На адну касьбу газона затрачваецца толькі 6 гадзін. А што  казаць пра праполку і паліўку… Аднак, як прызнаюцца гаспадары, гэта работа ім у радасць і спыняцца на дасягнутым яны не збіраюцца. У наступным годзе плануюць дапоўніць дэкарацыі дзвюма вялікімі пальмамі, якія пачалі ўжо майстраваць з пластыкавых бутэлек. Фантазія і ідэі нараджаюцца дзякуючы агульнаму інтарэсу, добрым адносінам паміж сабой і, канечне ж, прыроднаму пачуццю густу і эстэтыкі.

Галіна Пятроўна, дзе б ні знаходзілася, усюды яе творчае вока шукае магчымасць упрыгожыць тэрыторыю.  Кветкавым раем называлі яе дом, калі жыла ў Юхнаўцы. Заўсёды прызавыя месцы па добраўпарадкаванні займае ферма “Дабрунь”, дзе яна працуе загадчыцай. Кветкі – гэта яе страсць. Цяжка нават палічыць, колькі відаў іх расце зараз у панадворку. Амаль цэлая  аранжарэя: ружы, пітуніі, гладыёлусы, хрызантэмы, гваздзікі, півоні, ірысы – напэўна, усе, якія толькі існуюць. У прыгожых вазах, разнастайных гаршчках, падстаўках, дэкарыраваныя грыбкамі, птушкамі, матылькамі, яны глядзяцца шыкоўна. З усіх красак найбольшым гонарам гаспадыні карыстаецца бягонія, з пяшчотна-ружовымі велізарнымі кветкамі, якіх, здавалася, і не бывае ў бягоній. А сакрэт просты – Галіна Пятроўна, скарыстаўшыся парадай часопіса,  падкормлівае яе малаком.

Цікавіцца кветкаводствам і дачка. Яна жыве непадалёку, таксама добраўпарадкоўвае прыдамавую тэрыторыю. Прыслухоўваецца да маміных парад, сама выдае цікавыя ідэі. А рэалізоўваць творчыя задумы жанчынам пастаянна  дапамагаюць залатыя рукі Івана Іванавіча. Паціху прывучаюцца да стваральнай працы і ўнукі. Часцей за ўсіх у бабулі бывае Максім. Ён дапамагае абразаць расліны, паліваць і зграбаць траву, а потым не без гонару цешыцца вынікамі сваёй работы.

Прыгожы дом, мусіць, невыпадкова знаходзіцца на вуліцы Сонечнай, бо сам, як прамень, і  абсалютна апраўдвае гэту яркую, пяшчотную назву.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Галіна Шульга, Іван Дубінец і ўнук Максім, ахутаныя прыгажосцю, створанай іх рукамі.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *