В Берёзковской школе Докшицкого района идёт ремонт к новому учебному году

Такія шумлівыя і людныя зімой, у летні час  школы адпачываюць. Хаця спакой тут адносны: даглядаюцца прышкольныя ўчасткі, абкошваецца прышкольная тэрыторыя, дзе-нідзе ідуць апошнія рамонтныя работы.

Вось і ў Бярозкаўскай школе-садзе, нягледзячы на даволі ранні час і водпуск, дырэктар Лілія Плуч была на працы. Паведаміла, што наведваецца сюды кожны дзень, а сёння зайшла, каб праверыць, як ідзе рамонт у спартыўнай зале. Там рабочыя Міхаіл Адамовіч і Анатоль Прадзед заканчваюць фарбаваць спартыўныя прыстасаванні. Гэта апошняе, што планавалася зрабіць для падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года. Раней былі пафарбаваны падлога ва ўсіх школьных класах і калідорах, лесвіцы, лакам пакрыты школьныя сталы, дзе патрэбна, заменены ацяпляльныя батарэі, адрамантаваны і пафарбаваны панэлі. Зараз школьны будынак  выглядае, як велікоднае яечка: у ім светла, маляўніча і святочна. Бачна, што людзі, якія рабілі рамонт, думалі пра тое, каб дзецям хацелася тут вучыцца, займацца любімымі справамі і  спяшацца сюды пасля канікулаў.

Капітальны рамонт будынка, які ўзводзіўся ў 50-я гады мінулага стагоддзя, быў зроблены ў час будаўніцтва аграгарадка ў 2008 годзе, але кожны год у ім нешта паднаўляецца. Напрыклад, летась дзейны дырэктар прыдумала зрабіць у адным з класаў, хоць і невялічкую, але актавую залу з сапраўднай сцэнай. Сёлета, пераабасталявалі пад клас адно з былых падсобных памяшканняў. У выніку, павялічылася плошча гульнявога пакою ў садку, у якім ёсць, дарэчы, нават жывы куточак і “тэатральная” сцэна з кулісамі, дзе дзеткі іграюць пастаноўкі.

Арыгінальна і з густам аформлена прышкольная тэрыторыя. Сёлета яе ўпрыгожыў маляўнічы куточак у стылі кантры. Усю зіму вучні разам з настаўнікам Васілём  Кавалёнкам  на ўроках працы рабілі дэкаратыўныя калёсы, калодзеж з “жураўлём”, вятрак і іншыя прылады патрыярхальнага вясковага жыцця. Зараз гэта хараство размясцілася на газоне побач са старой хаткай. Яна таксама з’яўляецца маёмасцю школы і ў ёй месціцца гароднінасховішча (нягледзячы на знешні непрэзентабельны выгляд, унутры памяшкання вялікі парадак і чысціня). Каб надаць гэтаму будынку сучасны выгляд, патрэбны немалыя сродкі, таму фантазія дырэктара прыдумала іншы выхад. Хатку зрабілі часткай этнаграфічнага музея пад адкрытым небам. Гэтым летам “дайшлі” рукі і да ляска ля школьнага стадыёна. Тут змайстравалі альтанку і лавачкі, каб было дзе адпачываць дзецям пасля спартыўных заняткаў.

Усе рамонтныя работы выконваюць сваімі сіламі. Матэрыялы закупляюць за грошы, атрыманыя ад здачы металалому, макулатуры, продажу расады кветак і памідораў. Сёлета купілі яшчэ і бензакасу, бо тэрыторыя вакол школы, якую трэба падкошваць, вялікая, а ўтрымліваецца яна заўсёды ў ідэальным парадку.

– У мяне самы лепшы калектыў у раёне, – смяецца Лілія Яраславаўна. – З ім можна горы зрушыць. Усе настаўнікі, тэхработнікі – людзі актыўныя, творчыя, працавітыя. Тон задаюць Святлана, Віктар і Васіль Славікоўскія, якія ўмеюць рабіць усё, а астатнія з задавальненнем ім дапамагаюць. Нікога не трэба прымушаць і ўгаворваць, самі бяруцца за ўсё, каб школа стала прыкладам бытавой культуры, прыгажосці, каб у яе прыемна было зайсці любому чалавеку.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: ідзе рамонт спартыўнай залы; вось такі новы прыгожы куточак з’явіўся ля школы сёлета.

Фота В. Чарвінскага.                 

2 комментариев для “В Берёзковской школе Докшицкого района идёт ремонт к новому учебному году

  • 25.07.2012 в 11:32 дп
    Permalink

    А куточак, на самай справе, вельми прыгожы!!!

  • 13.08.2012 в 8:07 дп
    Permalink

    Да, школа очень красивая. Там есть что посмотреть. Школа хоть и старая, но с новым ремонтом выглядит очень красива.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *