В Докшицах москвичам показали «экзотику»

У ФСК “Ураджай” распрацаваны 3 маршруты экскурсій па Докшыцкім раёне. У асноўным выкарыстоўвалі іх для культурнага баўлення часу школьнікі і некаторыя працоўныя калектывы. Хоць водгукі былі станоўчымі, попытам гэта паслуга карысталася разавым і з цягам часу ўвогуле страціла цікавасць сярод мясцовых жыхароў. Каб узнавіць інтарэс да экскурсій, трэба было шукаць прыезджых грамадзян. Старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба Барыс Рандарэвіч скарыстаўся тым, што на тэрыторыі нашага раёна ёсць два санаторыі, і  прапанаваў  экскурсы па Докшыцкім раёне ўключыць у культурную праграму спачатку  для адпачываючых “Ляснога”. Дзякуючы падтрымцы адміністрацыі санаторыя, –  галоўнага ўрача Сяргея Табунова і загклубам Іны Дзяруга – першая пробная  экскурсія для прыезджых грамадзян  адбылася на мінулым тыдні. Мяркуючы па водгуках, яна была не апошняй.

Паглядзець Докшыцкі раён  выявілі жаданне расіяне. І, як потым прызналіся, нават не разлічвалі, што за 70 тысяч беларускіх рублёў ім прапануюць такую насычаную праграму.

Знаёмства з раёнам пачалі з гісторыі. Першы прыпынак  зрабілі ў Бягомльскім музеі народнай Славы, дзе экскурсавод расказала пра гераічнае мінулае нашага краю, правяла па залах, дазволіла сфатаграфавацца ля экспанатаў. Уражанні ад тэмы Вялікай Айчыннай вайны ўзмацнілі ў мемарыяльным комплексе “Пракляцце фашызму”, што ў Шунеўцы. Потым наведалі архітэктурныя помнікі раёна: Касцёл Святой Дзевы Марыі ў Параф’янаве, браму ў Сітцаўскім парку. Зайшлі ў Сітцаўскі Дом культуры.

Перавялі дыханне, крыху супакоілі ўражанні падчас абеду ў кавярні “Ачаг” і прадоўжылі свой шлях да вёскі Вецяра. Там маскоўскіх гасцей чакала самае цікавае: знаёмства з беларускай этнаграфіяй і побытам беларусаў. У Вецяранскім Клубе-музеі іх сустракала загадчыца Вольга Квачонак. Яна была ў нацыянальным касцюме, гаварыла на чыстай беларускай мове. Для расіян нават гэта было ў навіну. А калі ім дазволілі самастойна папілаваць і  пасекчы дровы, запаліць у печы, папрацаваць на калаўроце (на здымку)  – эйфарыі не было межаў, бо такога масквічы ў сваім жыцці не рабілі ніколі. Дзеці, убачыўшы рускую печ, адразу ў ролях сталі цытаваць казку пра Ямелю, залазіць на ляжанку і фатаграфавацца там. Потым усе частаваліся духмянай грыбной поліўкай, салам з салёным агурком. Казалі, што такой смачнай ежы яны не спрабавалі ніколі. Эмоцый было столькі, што госці не ўтрымаліся і выказалі іх у кнізе водгукаў, напісаўшы ў ёй змястоўную падзяку. Вяртаючыся назад, праязджаючы ля падвор’я Дземідовіч, экскурсанты прыпалі да акенцаў аўтобуса з уражлівымі воклічамі: убачылі коз з маленькімі казлянятамі, курэй, індыкоў і гусей. Прыйшлося спыніцца, каб паказаць замежным турыстам “экзотыку”. Каларыт  сапраўднай вясковай беларускай сялібы маляўніча дапаўняў слуп з чатырма бусламі. Іх бясконца фатаграфавалі, гаспадыню засыпалі пытаннямі. Поўнасцю наталіўшы цікавасць, задаволеныя экскурсанты паехалі ў Докшыцы. Там яшчэ прагуляліся  па горадзе, зайшлі ў крамы. Сказалі, што абавязкова падзеляцца ўражаннямі з іншымі адпачываючымі ў санаторыі і сваімі роднымі ў Маскве.

У ФСК “Ураджай” лічаць, што экскурсія атрымалася ўдалай. Барыс Паўлавіч сказаў, што такую ж паездку прапануюць і адпачываючым у санаторыі “Баравое”. Надалей будуць старацца паляпшаць якасць экскурсій і пашыраць маршруты.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *