В Докшицах прошёл праздник семьи, любви и верности
Ужо больш за 700 год руская праваслаўная царква 8 ліпеня ўспамінае святых – мужа і жонку князя Пятра і княгіню Фяўронню Мурамскіх – апекуноў кахання і сямейнага шчасця. Праваслаўныя хрысціяне ў гэты дзень моляцца ў храмах: маладыя ў малітвах просяць Бога аб вялікім каханні, а людзі старэйшыя – аб сямейнай згодзе. У Докшыцах у гэты дзень свята памяці святых Пятра і Фяўронні па ініцыятыве Свята-Пакроўскага прыходу і пры дапамозе работнікаў культуры мела свой працяг у гарадскім Цэнтры культуры.
У кожнага свята ёсць свая гісторыя, свой сэнс, свая духоўная кіруючая сіла. Паданне пра двух улюбёных і па сённяшні дзень з’яўляецца глытком свежага, чыстага паветра, крупінкай ласкі Боскай для духоўнага жыцця чалавека. Пётр і Фяўроння – гэта рэальныя гістарычныя асобы, якія жылі напачатку 13 стагоддзя ў Мураме. Князь Пётр захварэў праказай, ад якой яго ніхто не мог вылечыць. Зрабіла гэта толькі дачка пчалавода Фяўроння. Не адразу, але ажаніўся на ёй князь. За гэта быў удзячны Богу, бо жонка аказалася прыгожай, разумнай, дасціпнай. Гордыя баяры не захацелі мець княгіню сялянскага звання і запатрабавалі, каб князь адпусціў яе. Але Пётр адмовіўся, ён дзеля доўга мужа вянчанага ў царкве ахвяраваў княжым прастолам. Хутка Мурам спасціг гнеў Божы і народ запатрабаваў вяртання князя разам з княгіняй. У згодзе і каханні яны пражылі доўгае жыццё і памерлі, як таго і жадалі, у адзін дзень. Святыя Пётр і Фяўроння з’яўляюцца ўзорам хрысціянскага шлюбу і сваімі малітвамі дасылаюць нябеснае благаславенне ўсім, хто жадае стаць мужам і жонкай.
Чалавек ад самага пачатку шукае сваё зямное шчасце ў сям’і. Для людзей праваслаўных сям’я – гэта яшчэ і малая Царква. Добра, калі яна моцная каханнем узаемным, пачцівасцю дзяцей і павагай бацькоў. Пра тое, як не толькі стварыць сям’ю, але і зрабіць яе сапраўднай ячэйкай грамадства і малой Царквой, ішла размова на свяце ў ГЦК.
Прыкладам кахання доўгага, сям’і шчаслівай у дзецях, унуках і праўнуках стала сям’я Таццяны і Міхаіла Гічанскіх, якія ў каханні і згодзе пражылі 61 год.
Сямейны стаж у Вадзіма і Вольгі Кішулькаў намнога меншы, але ёсць усе падставы думаць, што і надалей іх шматдзетная сям’я будзе прыкладам кахання, згоды, вернасці і шчасця. Прадаўжэнне гэтай цудоўнай пары ў чатырох сынах, якія робяць жыццё бацькоў яшчэ больш яркім і багатым.
Артур Парцянка і Вераніка Каляга толькі пачынаюць доўгі шлях сямейнага жыцця, яны поўныя надзей на тое, што на ім сустрэнуць сваё шчасце.
Нягледзячы на розны ўзрост і сямейны стаж, усе сямейныя пары былі аднадушны ў адным: для сямейнага шчасця патрэбны каханне, узаемапавага і ўменне прабачаць.
– Сям’я – гэта вянок тварэння Госпада, у ёй – вера, праведнасць і сіла, – сказаў протаіерэй Георгій Мялешка, калі благаслаўляў на свяце сямейныя пары (на здымку). – Каб сям’я была моцная, беражыце адзін аднаго, нараджайце дзяцей, бо на іх галоўках трымаецца ўсё зямное. Жонка павінна паважаць мужа, бачыць у ім здабытчыка і воіна, а ён павінен апраўдваць яе спадзяванні на гэта, і тады лад і гармонія не пакіне ніколі вашы дамы. Яны будуць асвечаны любоўю Пятра і Фяўронні.
Лейтматыў свята сям’і, кахання і вернасці вельмі ўдала падтрымліваўся вершамі, якія чыталі Ірына Наумец і Яна Ючкавіч, песнямі, што спявалі салісты эстраднай студыі. Цікавасць выклікала выстава духоўнай літаратуры “Духоўных кніг божая мудрасць”, падрыхтаваная работнікамі раённай і дзіцячай бібліятэк.
Кожны, хто прысутнічаў у гэты дзень на свяце, панёс дадому невялічкую ікону святых Пятра і Фяўронні, памятную кніжку “Да шчаслівай сям’і з Пятром і Фяўронняй”, выдадзеную прыходам Свята-Пакроўскага храма, і светлае пачуццё ў душы ад зносін з духоўным пачаткам праваслаўя.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.