В ГП «Порплище» Докшицкого района работают на качество и считают деньги
У нядзелю, 15 ліпеня, да ўборкі азімага рапсу прыступілі 4 сельгасарганізацыі раёна. Гэта ААТ “Барсучанка”, ААТ “Таргуны”, КУП “Докшыцкі” і ДП “Порплішча”. За дзень убралі 277 гектараў і намалацілі 467 тон зерня.
Як толькі выехалі за Порплішча ў кірунку Брычанькаў, адразу ўбачылі ярка-чырвоныя камбайны, якія плылі па рапсавым полі. Пад’язджаем бліжэй і сустракаемся на дарозе з дырэктарам прадпрыемства Мікалаем Бруякам, галоўным аграномам Іванам Майсяёнкам, а таксама адказным з ліку спецыялістаў райсельгасхарчу начальнікам аддзела інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Васіліям Шылёнкам.
– Камбайны наладжаны як мае быць, – адразу адрапартаваў Васілій Мікалаевіч. – У нядзелю палову дня аддалі на рэгуліроўку. Герметызацыя зернеўборачнай тэхнікі была праведзена ў майстэрні загадзя, а рэгуліроўку зазораў у барабане, настройку вентылятараў рабілі непасрэдна на полі. Затым прапусцілі камбайны праз плёнку і зараз з упэўненасцю можам сказаць, што насенне не будзе сыпацца і не пакрые поле зялёным дываном увосень.
– Працуем на якасць, – дапаўняе Іван Майсяёнак. – Ураджай вырасцілі нядрэнны, цяпер стаіць задача своечасова і якасна яго ўбраць. Першы дзень на поле выпусцілі чатыры камбайны, зараз на дапамогу прыйшоў пяты. У гаспадарцы ў час масавай уборкі будуць задзейнічаны 8 агрэгатаў – тэхніка новая, самы старэйшы камбайн толькі 3 сезоны працаваў. Камбайнёры – маладыя. Іх узрост не перавышае 35-ці гадоў. Старанныя і працавітыя хлопцы рвуцца ў бой за ўраджай.
– Пачалася самая адказная пара ў сельскагаспадарчай вытворчасці, – упэўнены Мікалай Бруяка. – Тут нельга ўпусціць пагодную хвіліну, змарнаваць час, зблоціць вырашчанае – працу ўсіх хлебаробаў. Прадумалі кожную дэталь у зернеўборачным працэсе, арганізавалі харчаванне ў полі, прадугледзелі ўмовы прэміравання, падабралі кадры. Адначасова жнём, сушым, выконваем дзяржзаказ.
Рапс – культура, якая не церпіць да сябе няўвагі. Ужо праз 6 гадзін зерне, якое не пайшло на сушку, а засталося ляжаць на пляцоўцы, пачынае акісляцца. Калі колькасць эрукавай кіслаты ў зярнятах перавышае 4 працэнты, рапс ідзе на продаж, як тэхнічная культура. А гэта страта грошай. На дзесяці тонах розніца паміж харчовым і тэхнічным зернем складае 2 мільёны 200 рублёў. Паколькі мы здаём па 60 тон у дзень, то пры затрымцы з сушкай маглі б страціць каля 13 мільёнаў! Вось таму і звяртаем асаблівую ўвагу на ход усіх работ, папярэджваем аб гэтым рабочых.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: з аптымізмам узяліся за справу (злева направа) механізатары ДП “Порплішча” Мікалай Савуліч, Сяргей Бараноўскі, Яўген Гапанёнак, Іван Майсяёнак (гал. аграном), Вадзім Ламановіч, Аляксандр Закрэўскі. Ідзе ўборка рапсу.
Фота В. Чарвінскага.