В Прудниках Докшицкого района строится часовня
У аграгарадку Пруднікі пачалі будаваць капліцу ў гонар іконы Божай Маці “Достойно Есть”. Ужо асвечана месца, устаноўлены праваслаўны крыж, пабудаваны фундамент. Хутка прыступяць да ўзвядзення сцен.
Ініцыіруе і ўзначальвае будаўнічы працэс настаяцель прыходу храма “Усіх Святых” г.п. Бягомль іерэй Валерый Цімкоў. Менавіта ў дзень іконы Божай Маці “Достойно Есць” ён прымаў пасвячэнне ў сан свяшчэнніка ад Архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія ў Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыры. Тады манашка падарыла яму гэту ікону. Айцец Валерый спачатку захоўваў яе ў сябе, а потым аддаў прыхаджанам з Пруднік з прапановай пабудаваць у яе гонар капліцу. Ікона і зараз захоўваецца ў доме адной з тамашніх прыхаджанак, а ў час служэнняў выносіцца на месца будучай капліцы.
Будаўніцтва святыні працягваецца за кошт дабрачынных ахвяраванняў людзей. Важкую дапамогу аказвае ДП «АграБераснёўка». З вялікай радасцю і ўдзячнасцю прымаюцца ахвяраванні ад усіх, хто жадае ўнесці свой уклад у Божую справу.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Фота В. Чарвінскага.