Детский приют Докшицкого района переезжает из Бегомля в Янки
Працяглы час дзіцячы сацыяльны прытулак Докшыцкага раёна як структурнае падраздзяленне існаваў на базе Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат для дзяцей сірот. У ім прабываюць дзеці, якія патрабуюць дзяржаўнай абароны з-за небяспечнага становішча ў сем’ях ці складаных жыццёвых абставінаў. Большасць тут тых дзяцей, якіх часова забіраюць ад нядобранадзейных бацькоў і даглядаюць да таго часу, калі іх будзе бяспечна вярнуць назад у сям’ю. Калі за 6 месяцаў іх бацькі не выпраўляюцца, то дзяцей размяркоўваюць у замяняльныя сем’і ці ў дзіцячыя дамы. У прытулку дзеці працягваюць вучобу ў агульнаадукацыйнай школе, наведваюць дзіцячы сад. З імі працуюць псіхолаг, сацыяльны педагог і выхавальнікі.
У тым, што прытулак знаходзіўся на базе Бягомльскай школы-інтэрнат, была адна нязручнасць: на заняткі ў школу дзяцей трэба было вадзіць у Бягомльскую СШ, бо яны не займаюцца па спецыяльнай праграме, як інтэрнатаўскія вучні, а навучаюцца па праграмах агульнаадукацыйных устаноў. Менавіта таму, рашэннем раённай улады, створана дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сацыяльны псіхалагічны цэнтр Докшыцкага раёна”, якая з новага навучальнага года пачне працаваць на базе Янкаўскай школы. У цэнтры будуць тры структурныя падраздзяленні: дзіцячы сацыяльны прытулак, аддзел прафілактычнай работы і патранажу, аддзел абароны праў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Прабывальнікі сацыяльнага псіхалагічнага цэнтра (СПЦ) будуць пражываць і навучацца ў адным будынку.
Зараз у асобным крыле Янкаўскай школы ідзе рэканструкцыя. Два былыя школьныя класы і падсобныя памяшканні перабудоўваюць у асобныя памяшканні для хлопчыкаў і дзяўчынак, кабінеты для спецыялістаў, гульнявую пляцоўку і санвузел. З бюджэту раённага аддзела адукацыі райвыканкама на будаўнічыя работы выдзелена 25 мільёнаў рублёў. Да 1 верасня новая база для СПЦ будзе гатова. Несумненна, дзецям тут будзе не горш, чым ў былым памяшканні, але не лепш, чым магло б быць у родных дамах. Хацелася б, каб іх бацькі задумаліся пра гэта.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: стараюцца ў тэрмін падрыхтаваць памяшканне для СПЦ работнікі гаспадарчай групы РАА (злева направа) Сяргей Чарвінскі, Ігар Яфіменка, (на заднім плане) Пётр Суднік.
Фота В. Чарвінскага.