Их работа — доставлять в дом тепло
Больш за год Дзмітрый Паўлавіч Курдзека ўзначальвае Докшыцкі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліва”. Пачынаў рабочым па ліцці жалезабетонных агароджаў, а таму пра складанасці працы на прадпрыемстве ведае не па чутках. Сёння пад яго кіраўніцтвам працуе дванаццаць чалавек, сем з якіх займаюцца распілоўкай, колкай дроў і непасрэдна іх дастаўкай жыхарам раёна. Падчас сезонных работ, калі ідзе асноўная нарыхтоўка паліва, прадпрыемства стварае дадатковыя працоўныя месцы. Сёлета па дагаворы тут працуюць чатыры чалавекі. Аб’ёмы работ заўсёды вялікія. Так, у мінулым годзе 3350 чалавек, якія звярнуліся на прадпрыемства з просьбай набыцця паліва, атрымалі яго. Усяго было прададзена 8185 куб. м дроў і 3878 т брыкету. У гэтым годзе дровамі ўжо забяспечаны 1053 домаўладанняў, купіць паліва жадаюць яшчэ 770 чалавек. Брыкет набылі ўладальнікі 690 дамоў, на чарзе яшчэ 330 чалавек. У агульнай колькасці было прададзена 5550 куб. м дроў і 2950 т брыкету. Даведзены план на 2012 год – 7000 куб. м дроў і 3800 т брыкету. Арганізацыям рэалізавана 350 т брыкету і 50 куб. м дроў.
– Першачарговым правам на атрыманне паліва карыстаецца насельніцтва льготнай катэгорыі: інваліды І і ІІ груп, якія пражываюць без працаздольных грамадзян, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваныя да іх, – расказвае Дзмітрый Паўлавіч. – Таксама неабходна адзначыць, што набыць паліва па льготнай цане могуць грамадзяне гэтай катэгорыі толькі раз у год і атрымаць толькі адзін з відаў паліва (дровы ці брыкет), пры ўмове, што да іх дамоў не падведзена газавае ці цэнтральнае ацяпленне. У мінулым годзе 460 грамадзян атрымалі паліва па льготнай цане, сёлета звярнулася пакуль 397.
Адным з тых, за кім стаяць вышэйназваныя лічбы, з’яўляецца станочнік Максім Лось. Са сваім напарнікам Мар’янам Яхімовічам яны штодзень распілоўваюць і колюць чатыры, а то і шэсць прычэпаў дроў. Калі падлічыць, то атрымліваецца 20-30 кубоў за адну змену, месячны план брыгады – 200 кубоў. А гэта не кожнаму па сіле. А таму кіраўнік вельмі задаволены сваімі станочнікамі:
– Прадукцыйнасць іх працы знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці як ад фізічных дадзеных, так і ад адказнасці і дысцыплінаванасці. Дровы цягаць – не пячэнне сартаваць, праца вельмі складаная, асабліва тады, калі ёй неабходна займацца з дня ў дзень.
Аднак працы Максім не баіцца. Наадварот, з’яўляецца ініцыятарам у перавыкананні плана. Пасля работы ў хлопца яшчэ застаюцца сілы, каб рабіць практыкаванні на турніках на школьным стадыёне, бо Максім з’яўляецца актыўным прыхільнікам здаровага ладу жыцця. Яго вельмі непакоіць, што маладое пакаленне ў большай ступені свой вольны час бавіць за півам, а калі і гоніцца за грашыма, то толькі за лёгкімі.
– Не ўсім жа быць вучонымі, – сцвярджае малады чалавек. – Я сваёй прафесіі не саромеюся. Наадварот, лічу яе вельмі запатрабаванай і важнай – мы дастаўляем людзям цяпло ў іх дамы.
Паслухаўшы Максіма, які, дарэчы, у дзень нашай сустрэчы адзначаў свой 23-ці дзень нараджэння, з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што ўсё ў яго жыцці атрымаецца. Хлопец не толькі працавіты, але і мэтанакіраваны. Не будзем раскрываць яго бліжэйшыя планы і задумы, адзначым толькі тое, што той дзяўчыне, якая будзе яго жонкай, вельмі пашанцуе з мужам.
Таццяна ШУЛЬГАТ.
На здымку: станочнік Докшыцкага філіяла “Віцебскаблпаліва” Максім Лось.
Фота В. Чарвінскага.