Лучший торфяник торфопредприятия в Докшицком районе

Аркадзь Макаравіч Карніенка на торфапрадпрыемстве працуе 44-ы год. Калегі называюць яго аксакалам, стаўпом, “хадзячай энцыклапедыяй” і іншымі словамі, калі хочуць падкрэсліць вялікі багаж тых каштоўных ведаў, якімі валодае гэты спецыяліст, прафесіянал з вялікай літары. Сапраўды, Аркадзь Макаравіч пра торф, здаецца, ведае ўсё. Ён з плеяды тых тарфянікаў, якія, маючы дыплом аб вышэйшай адукацыі і адпаведную пасаду, прафесію вывучалі з самых нізоў і таму ведаюць яе да дробязей.

Карніенка да ўсяго, як ён жартуе, і нарадзіўся “на торфе”, бо бацькі яго працавалі на вядомым прадпрыемстве Асінторф. Таму, калі Аркадзь закончыў школу, то таксама падаўся ў тарфянікі. З дыпломам аб заканчэнні тарфянога факультэта Мінскага палітэхнічнага інстытута прыехаў у 1968 годзе па накіраванні працаваць ў Крулеўшчыну і застаўся тут на ўсё жыццё. Торфапрадпрыемства “Віцебскае” тады толькі пачынала будавацца і расці. Разам з ім рос і Аркадзь Карніенка. Пачынаў майстрам брыкетнага цэху, потым быў яго начальнікам, затым начальнікам аддзела тэхнічнага кантролю, тэхнічнага аддзела. У канцы 90-х некалькі год узначальваў завод, зараз працуе інжынерам газавага ўчастка. Зрабіў шмат для таго, каб завод стаў вядучым  прадпрыемствам у сваёй галіне. Гараваў і адчуваў душэўны дыскамфорт, калі на вачах пачало разбурацца тое, стварэнню чаго было аддадзена столькі сіл і энергіі.

Зараз Аркадзь Макаравіч, па яго словах, адчувае неймаверную радасць ад таго, што паспеў стаць сведкай другога нараджэння завода і, галоўнае, унесці ў гэта свой уклад, як спецыяліста. Ён з гонарам расказвае, што сёлета прадпрыемства на месяц раней закончыла здабычу торфу. Нарыхтавала яго 48 тысяч тон і гэтым самым перавыканала мінулагодні паказчык на 16, 6 працэнта. Выпусціла за 7 месяцаў прадукцыі ў 2,9 разы больш, чым за гэты ж перыяд летась. На экспарт яе адгружана 20,5 тысяч тон на суму 929 тысяч долараў ЗША. Ад рэалізацыі атрымана 1,5 мільярда рублёў прыбытку.

– Такога росквіту торфапрадпрыемства  яшчэ не бачыла нават у лепшыя свае гады, – з захапленнем расказвае ветэран. – Вельмі разумным і своечасовым было рашэнне аб перадачы яго аблгазу, які ўзначальвае такі таленавіты кіраўнік, як Пётр Пятровіч Шэршань. Пашанцавала нам і на дырэктараў. Маладыя, ініцыятыўныя, адукаваныя, яны ўвасабляюць сабой новы тып сучаснага кіраўніка. Запомніў назаўсёды, як казаў папярэдні дырэктар Валерый Кавалёў, што, каб нам выжыць, трэба кожны дзень рабіць крок наперад. Вось мы так і робім. Ведаеце, на пенсію ісці не хочацца. Не ўяўляю, як буду жыць, каб не бачыць кожны дзень майго прыгожага, светлага, чыстага завода. Не любавацца абноўленым машынным паркам з сучаснай, прадукцыйнай у эксплуатацыі  і вельмі камфортнай для рабочага, тэхнікай. І, самае галоўнае, што ў прадпрыемства ёсць будучыня, гэта вельмі радуе. Зараз вядзём будаўніцтва новых палёў здабычы на плошчы 443 гектары. У перспектыве яшчэ 300 гектараў. На іх засваенне ўжо рыхтуецца дакументацыя. Гэта дазволіць забяспечыць завод працай на многія гады.

Аркадзь Макаравіч не толькі аддаў заводу свае прафесійныя веды, сілы і намаганні, але і падрыхтаваў сабе замену. Эканамістам у РВУ “Докшыцырайгаз” працуе яго дачка Алена, а зяць Ігар Басаў – майстрам на ўчастку здабычы торфу. А яшчэ Карніенка вучыць сакрэтам прафесіі тарфяніка нядаўнюю студэнтку, а зараз маладога спецыяліста —  інжынера па кантролі Вольгу Гайковіч. Калі будзе старацца, лічыць ветэран, то атрымаецца з яе добры спецыяліст, патрэбны прадпрыемству.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: ветэран тарфяной справы А.М. Карніенка.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *