Семейный экипаж комбайнёров Аниковичей в Докшицком районе
На рэспубліканскай селектарнай нарадзе па ўборцы ўраджаю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў паскорыць тэмпы ўборачных работ. Такія ж нарады прайшлі потым у вобласці і раёне, у час якіх губернатарам Аляксандрам Косінцам і кіраўніком нашага раёна Алегам Пінчуком былі пастаўлены задачы ў самыя сціслыя тэрміны, пакуль дазваляе пагодлівае надвор’е, і без страт убраць вырашчаны ўраджай. Рэкамендавана не спыняць работу камбайнаў і ў начны час. Каб прадухіліць палегліцу на выпадак дажджоў, неабходна “рэзаць” палі праходамі – так збажына будзе лепш прадувацца ветрам, зменшыцца вільгаць зерня.
Вырашчаны ўраджай у ААТ “Таргуны” стараюцца сабраць у пару і пры мінімальных стратах. Па стане на 9 жніўня было ўбрана больш як палова плошчы, намалочана 12303 тоны зерня. Кожны гектар дае па 31,2 цэнтнера зерня. І гэта добры вынік.
З перадавым камбайнерам Вячаславам Аніковічам і яго сынам-памочнікам Іванам мы сустрэліся на ячменным полі, што ва ўрочышчы Янова. Гэты экіпаж, працуючы на камбайне «КЗС-10К», па выніках спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур за першую і другую пяцідзёнку заносіўся на раённую Дошку гонару, устаноўленую на перыяд уборачнай у “Родных вытоках”.
Вячаслаў Іванавіч у механізацыі працуе ўжо 25 год, з іх 23 гады – камбайнерам. Мае шмат прэмій, дыпломаў і ўзнагарод мае, заняў трэцяе месца ў вобласці на нарыхтоўцы травяністых кармоў у 2010 годзе. А ў мінулым годзе атрымаў гучнае званне “Чалавек года Віцебшчыны — 2011”.
Любоў да працы Вячаславу яшчэ ў дзяцінстве прывілі яго бацькі, усё жыццё якіх было звязана з сельскай гаспадаркай. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што ў сваю чаргу і дзеці Вячаслава Іванавіча таксама выраслі працавітымі, стараннымі памочнікамі. Пяць ці шэсць сезонаў разам з бацькам працаваў памочнікам сын Жэня, а цяпер ужо чацвёрты сезон – 18-гадовы Іван. У гэтым годзе хлопец закончыў гандлёвы каледж, цяпер паступіў у Полацкі дзяржуніверсітэт, дзе ў будучыні атрымае спецыяльнасць эканаміста-мэнэджэра. Няхай і не стане ён перадавым механізатарам, а знойдзе сябе ў іншай, не менш важнай прафесіі. Але ўсё жыццё будзе ўспамінаць, як у гарачую жнівеньскую пару, без выхадных і адпачынку, ад цямна да цямна працаваў на палетках разам з бацькам, каб у кожнага з нас на стале быў хлеб.
Завіхаецца на жніўным полі і 21-гадовы Віктар Раткевіч. Ён хаця яшчэ і малады хлебароб, але ўжо мае пэўныя поспехі ў сваёй рабоце. Пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа юнак паступіў на завочнае аддзяленне БАТУ. Трэці год пайшоў, як ён працуе ў ААТ “Таргуны”. У час уборкі займаецца адвозкай зерня з поля на зерняток або зернесушылку. За першую пяцідзёнку сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня Віктар стаў лідарам: перавёз на МАЗе 386 умоўных тон зерня.
–За дзень прыходзіцца рабіць ад 8-мі да 13-ці рэйсаў, у залежнасці ад надвор’я, – гаворыць Віктар. – Цяжкавата, канечне, асабліва ў перыяд уборкі, але спраўляюся. Калі ж здараецца паломка якая-небудзь, сам рамантую, а калі трэба, звяртаюся да сваіх калег – яны заўсёды выручаць.
Страціць вырашчанае недапушчальна, лічыць Віктар Раткевіч, а таму вельмі клапоціцца пра тое, як “даедзе” зерне да месца назначэння. Каб не прасыпалася па дарозе ні зярнятка, сваю магутную тэхніку накрывае палаткай і праводзіць герметызацыю кузава.
У адрас маладога вадзіцеля ад кіраўніцтва гучаць толькі добрыя словы. Ён за свой невялікі працоўны стаж зарэкамендаваў сябе адказным, старанным работнікам і добрасумленным чалавекам.
Радасная падзея адбылася паўгода назад і ў асабістым жыцці Віктара: у яго сям’і нарадзіўся сын Раман. Сапраўды, як кажуць, і жыць, і працаваць ахвота.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.