Школы Докшицкого района прошли проверку на готовность

Практычна ўсё лета ў навучальных установах раёна ішла інтэнсіўная падрыхтоўка да новага навучальнага года. Школы абнаўлялі  матэрыяльна-тэхнічную базу, праводзілі планавыя і капітальныя рамонты. З пачатку жніўня яны ўжо праходзілі праверку на гатоўнасць. Спецыяльная камісія, створаная аддзелам адукацыі райвыканкама, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі раённай улады, начальнік і спецыялісты РАА, інжынер па ахове працы, начальнік гаспадарчай групы, спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, наведвалі навучальныя ўстановы і па ўсіх крытэрыях ацэньвалі іх падрыхтоўку да новага навучальнага года.

У 2012 годзе на бягучыя рамонты ва ўстановах адукацыі з раённага бюджэту было выдзелена 135, 5 мільёна рублёў і 69,9 мільёна рублёў  з цэнтра занятасці. 115 мільёнаў у агульнай суме навучальныя ўстановы мелі пазабюджэтных сродкаў.

Сур’ёзныя работы праведзены сёлета ў Крыпульскай, Парплішчанскай школах, Параф’янаўскім дзіцячым садзе № 3. Тут рамантавалі дахі.  Часткова заменены падлогі ў Бераснёўскай і Прудніцкай дзіцячых садах-базавых школах, Параф’янаўскім яслі-садзе № 1. Значны аб’ём работ выкананы ў Парплішчанскай, Тумілавіцкай, Докшыцкай № 1 школах, Крулеўшчынскім яслі-садзе № 1. Усюды адрамантаваны інжынерныя сеткі, санвузлы, харчблокі.  Капітальны рамонт праведзены на многіх кацельных. Ва ўсіх школах зроблены  касметычныя рамонты школьных памяшканняў.

Многія адукацыйныя ўстановы шмат увагі надалі добраўпарадкаванню прышкольных тэрыторый: аднавілі клумбы, паставілі новыя альтанкі, дэкарацыі, агароджы. Вельмі прыгожа ля Бярозкаўскай, Бягомльскай, Тумілавіцкай, Глінскай, Параф’янаўскіх і  Парплішчанскіх школ і дзіцячых садоў,  Крулеўшчынскіх дзіцячых садоў і Докшыцкай дашкольнай установы № 2. Прыемныя змяненні ёсць і на тэрыторыях іншых школ.

Палепшылася і матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. На набыццё спартыўнага інвентару патрацілі 24, 8 мільёна рублёў, на сталовы  і кухонны посуд – 3 мільёны рублёў. У Парафьянаўскую і Бягомльскую ўстановы адукацыі купілі камп’ютары на суму  100 мільёнаў рублёў. Усе школы ў поўным аб’ёме забяспечаны падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, укамплектаваны педагагічнымі кадрамі.

Асобная работа праводзілася па стварэнні ўмоў і паляпшэнню  якасці харчавання школьнікаў. Ва ўсіх харчблоках правялі касметычныя рамонты, у некаторых пафарбавалі столі і сцены, паклалі палавую плітку. У новым навучальным годзе ў 25 школах харчаванне будзе арганізавана самастойна. Ахоп гарачым харчаваннем складзе ў сярэднім 93,7 %, астатнія 6, 3 % будуць карыстацца паслугамі буфета. Практычна ўсе школы будуць выкарыстоўваць прадукцыю, вырашчаную на прышкольных участках, а таксама атрыманую ад сельгаспрадпрыемстваў на бязвыплатнай аснове. Гэта робіць школьнае харчаванне значна таннейшым і дае ўпэўненасць у яго якасці.

25 жніўня адбылася кантрольная праверка гатоўнасці школ. На чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком, яго намеснікам Валянцінай Рандарэвіч, старшынёй Савета дэпутатаў Валянцінай Сівіцкай разам з кіраўніцтвам раённага аддзела адукацыі райвыканкама дырэктары ўсіх школ раёна зрабілі аб’езд устаноў адукацыі і ацанілі ўзровень іх падрыхтаванасці да новага навучальнага года. Большасць дырэктараў пачулі ад раённай улады словы падзякі за добрасумленную работу. Кіраўнікі Крулеўшчынскай, Вітуніцкай, Бярэзінскай і Докшыцкай школы № 2, разам з адабрэннем атрымалі заўвагі па недапрацоўках і ўказанні па іх тэрміновым выпраўленні. Лепшай сярод вялікіх школ была названа Бягомльская сярэдняя, сярод меншых, як заўсёды, паказальнай гатоўнасцю вылучаліся Парплішчанская, Бярозкаўская, Тумілавіцкая, Параф’янаўская школы. Станоўча   адзначаны Докшыцкая  СШ № 1, Валкалацкая, Барсукоўская, Глінская школы, цэнтр дзяцей і моладзі, вячэрняя школа і  іншыя ўстановы адукацыі. Увогуле ўсе адукацыйныя  ўстановы прызнаны гатовымі да новага навучальнага года. У сваім строгім адноўленым убранні яны замерлі ў чаканні вучняў.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Рабочы момант камісіі. 2. Выдатна да сустрэчы з вучнямі падрыхтавалася Бягомльская сярэдняя школа. 3. Вялікая тэрыторыя Бярозкаўскай школы прыгожая і дагледжаная.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *