В Докшицах состоялась августовская конференция педагогов
У мінулую сераду ў кінаканцэртнай зале “Іскра” адбылася штогадовая пленарная нарада педагагічных работнікаў. На ёй прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Давідовіч, начальнікі аддзелаў Докшыцкага райвыканкама, старшыні пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, работнікі сістэмы адукацыі. У ходзе канферэнцыі падвялі вынікі работы сферы адукацыі за мінулы навучальны год і вызначылі накірункі дзейнасці на новы.
Урачыстае
У фае кінаканцэртнай залы была аформлена выстава ўзнагарод, атрыманых за мінулы навучальны год вучнямі школ раёна ў інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах. Яна займала практычна трэцюю частку памяшкання. Тут жа размяшчалася і выстава работ кветкаводаў-аматараў сярод педагагічных калектываў, прысвечаная Году кнігі, пад назвай “Гартаючы кніжныя старонкі”. Разгледзеўшы выставы, запрошаныя займалі месцы ў зале.
Адкрываў работу канферэнцыі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Васілій Лаўцэвіч. Першым чынам ён прапанаваў ушанаваць апладысментамі і кветкамі ветэранаў педагагічнай працы, якія прысутнічалі ў зале. Затым прадставіў 19 маладых спецыялістаў, што папоўнілі ў гэтым годзе вялікую сям’ю педагогаў. Ім уручылі кветкі і падарункі (здымак 1). Ад імя маладых спецыялістаў выступіла выпускніца БДПУ імя М. Танка Кацярына Сауць.
– Настаўнікі ствараюць будучыню, бо будучыня – гэта цяперашнія вучні, – апрача іншага сказала яна.
Наказ маладым ад ветэранаў педагагічнай працы даваў Анатолій Салаўёў. Ён сказаў, што ім вельмі пашанцавала пачынаць свой працоўны шлях у Докшыцкім раёне, бо тут ім будзе ў каго павучыцца і дзе рэалізаваць свой прафесійны патэнцыял. Анатолій Уладзіміравіч прывёў прыклады паспяховай педагагічнай дзейнасці педагогаў нашага раёна па ўвядзенні найноўшых тэхналогій, метадаў і праектаў, калі іх вопыт пераймалі нават у вобласці і рэспубліцы.
Афіцыйнае
Пасля ўрачыстасці пачалася афіцыйная частка мерапрыемства. Васілій Лаўцэвіч выступіў з дакладам аб выніках работы ўстаноў адукацыі раёна за мінулы навучальны год і акрэсліў задачы па яе ўдасканаленні ў новым навучальным годзе ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Па ўсіх крытэрыях і напрамках ён даў аб’ ектыўную ацэнку мінулагодняй дзейнасці сістэмы адукацыі. У лічбах і фактах паказаў яе вынікі. Закрануў пытанне закрыцця і рэарганізацыі школ. У гэтым годзе дзве школы — Крыпульская і Бярозаўская — рэарганізаваны ў дзіцячыя сады-пачатковыя школы. Гаварыў пра патрабаванні да якасці дашкольнай адукацыі ў рэжыме здароўязберажэння, сказаў, што ў раёне захавана стапрацэнтная даступнасць прафесійнай падрыхтоўкі да школы дзяцей пяцігадовага ўзросту. Назваў прозвішчы педагогаў-выхавальнікаў, якія дабіліся ў гэтым годзе высокіх вынікаў у рабоце. Васілій Аляксандравіч засяродзіў увагу на неабходнасці пастаяннага абнаўлення ведаў настаўнікаў і павышэнні іх прафесійнай кампетэнтнасці. Вялікую ролю ў гэтым адвёў узроўню камп’ютарнай культуры педагагічных калектываў, асваенню новых тэхналогій, метадаў і прыёмаў, удзелу ў рэспубліканскіх і абласных педагагічных семінарах. Назваў прозвішчы настаўнікаў, якія ўдастоіліся высокай ацэнкі ў адукацыйнай, навуковай, даследчай, творчай і спартыўнай дзейнасці на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Якасць ведаў вучняў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама характарызаваў зыходзячы з вынікаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, цэнтралізаванага тэсціравання і колькасці паступленняў выпускнікоў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Адзначыў, што за апошнія чатыры гады назіраецца рост працэнта паступлення выпускнікоў у ВНУ: у гэтым годзе ён павысіўся на 2,2 працэнта. Вялікую ўвагу надаў аналізу работы па ўмацаванні маральнасці і псіха-фізічнага здароўя школьнікаў. Як пра складаемыя гэтага, ён гаварыў пра якаснае і даступнае харчаванне, спартыўнае выхаванне, спецыяльнае і інтэграванае навучанне, працу з сем’ямі, пазаўрочную арганізаваную дзейнасць, аздараўленне ў летніх лагерах. Напрыклад, гэтым летам у прышкольных і загарадным лагерах аздаравіліся 1250 чалавек, працэнт ахопу склаў 45,7. Паказальным у працэсе адукацыі Васілій Аляксандравіч назваў прафілактыку правапарушэнняў – па выніках 7 месяцаў бягучага года на тэрыторыі раёна не зарэгістравана ніводнага злачынства, здзейсненага вучнямі. Аднак дапушчана 31 правапарушэнне. Нагадаў, што станоўча ў гэтым напрамку можа дзейнічаць паляпшэнне арганізацыі вольнага баўлення часу, экалагічнае і эстэтычнае, маральнае і духоўнае выхаванне.
Напярэдадні першага верасня актуальным было пытанне гатоўнасці школ да новага навучальнага года. Для таго, каб умацаваць мэтэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, правесці планавыя і капітальныя рамонты, спатрэбілася 499 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў, 203,5 мільёна рублёў – асабістых і 295,5 мільёна рублёў – шэфскай дапамогі. Завяршаючы выступленне, Васілій Лаўцэвіч сказаў, што раённая сістэма адукацыі гатова рашаць пастаўленыя перад ёй задачы, бо валодае ўсімі неабходнымі для гэтага кампанентамі, уключаючы кадравы патэнцыял, матэрыяльна-тэхнічную базу і сацыякультурнае асяроддзе. Ён павіншаваў усіх педагогаў з новым навучальным годам, пажадаў ім аптымізму, задавальнення ў працы і высокіх вынікаў.
Пасля асноўнага дакладу перадавымі накірункамі работы ў сваіх школах падзяліліся з калегамі дырэктары Парплішчанскай і Параф’янаўскай устаноў адукацыі А.Э. Палачаніна і В.К. Каросцік. Пра паспяховую работу з адоранымі дзецьмі расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Докшыцкай школы № 2 В.С. Бальшунова. На важнасці здароўязберагальнай дзейнасці ў працэсе выхавання дашкольнікаў акцэнтавала ўвагу выхавальніца Докшыцкага яслі-сада № 4 Г.М. Іванішкіна. Прыклады цікавай і эфектыўнай арганізацыі вольнага часу вучняў прывяла кіраўнік турыстычнага гуртка цэнтра дзяцей і моладзі Н.У. Рандарэвіч. Пра асобасна-арыенціровачны падыход у арганізацыі выхавальнага працэсу ва ўмовах малакамплектай школы расказала настаўніца замежнай мовы Заборцаўскай школы А.В. Навумец.
На канферэнцыі выступала і намеснік начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Давідовіч, якая акрэсліла асноўныя накірункі далейшай работы сістэмы адукацыі з пазіцыі бачання Міністэрства адукацыі.
Прыгожым момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне граматамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў работнікаў сістэмы адукацыі за высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці (здымак 2). Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч павіншавала іх з поспехамі, падзякавала за паказальную працу. З пункту гледжання раённай улады ахарактарызавала работу сістэмы адукацыі, указала напрамкі далейшай работы. Усіх прысутных ад сябе асабіста і ад імя старшыні райвыканкама Алега Пінчука павіншавала настаўнікаў з пачаткам новага навучальнага года:
– Мы жадаем Вам згуртаванасці, узаемаразумення, мудрага кіраўніцтва, дабрабыту ў вашых вялікіх, школьных, і маленькіх, асабістых, сем’ях. Няхай кожны Ваш вучань ганарыцца сваёй школай і сваімі настаўнікамі.
Вынікі
Рэзалюцыю канферэнцыі зачытала загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета РАА Людміла Радзько. Яна агучыла канкрэтныя задачы, пастаўленыя на новы навучальны год, у накірунках дзейнасці дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і выхаваўчай работы. Дырэктар цэнтра дзяцей і моладзі Тэрэза Урбан падвяла вынікі выставы-конкурсу кветкаводаў-аматараў сярод педагагічных работнікаў “Гартаючы кніжныя старонкі”. Прыз за першае месца атрымала М.І. Нікіцевіч, настаўніца Глінскай школы, другое – заняла калектыўная кампазіцыя Докшыцкага сада № 1 “Літары розныя пісаць”, а трэцяе месца аддалі настаўніцы Параф’янаўскай школы В.А. Сазановіч за кампазіцыю “Гартаючы школьныя старонкі”.
Завяршаў мерапрыемства канцэрт народнага ансамбля народнай песні “Прызбачка” Валкалацкага Дома культуры.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Фота А. Варанковіча.