Вторую тысячу тонн зерна первыми в области намолотили снова докшицкие комбайнёры
Не паспела ўціхнуць слава перадавога экіпажа камбайнераў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Уладзіміра Лаўцэвіча і яго памочніка Паўла Шульгата з нагоды першай у вобласці намалочанай імі тысячай тон зерня, як іх імёны з новай моцай зноў велічна разнесліся над збожжавай прасторай. З другой тысячай тон зерня да абласных засекаў яны таксама прыйшлі першымі.
З чарговай трыумфальнай перамогай Уладзіміра Лаўцэвіча і Паўла Шульгата віншавалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук, начальнік райсельгасхарчу Наталля Бортнік, дырэктар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Мікалай Шульгат, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Грыцкевіч і ганаровы госць з рэспублікі – намеснік старшыні, галоўны тэхнічны інспектар працы рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянцін Есмантовіч.
– Мне прыемна зноў паціснуць вам руку, – падышоўшы да расхваляваных камбайнераў сказаў Алег Леанідавіч.
– Дзякую вам за працу, жадаю здароўя, дабрабыту, плённага супрацоўніцтва і новых перамог.
Кіраўнік раёна ўручыў пераможцам дыпломы і грашовыя прэміі. Да яго віншаванняў далучыўся Валянцін Вітальевіч. Ён таксама сказаў, што адчувае вялікі гонар вітаючы лепшых камбайнераў вобласці. Падзякаваў Уладзіміру Лаўцэвічу і Паўлу Шульгату за неперасягальную працу на хлебнай ніве, за тое, што праслаўляюць свой раён і ствараюць добры імідж сельскагаспадарчай тэхніцы айчыннай вытворчасці. Намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК таксама моцна паціснуў рукі перадавікам, уручыў ім падарункі.
Уладзімір Лаўцэвіч падзякаваў прысутным за павагу, сказаў, што будзе шчаслівы апраўдваць ускладзеныя на яго надзеі. На вачах ва ўсіх камбайнеры прымацавалі да “КЗС- 1218” чарговы вымпел, не здымаючы падораных чырвоных кепак з сімволікай жніва, накіравалі камбайн у поле, як і наказвалі ім, за трэцяй тысячай тон зерня.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Фота А. Варанковіча.