Амаль 50 гектараў штодзённа
Такую плошчу засявае азімым жытам механізатар ААТ «Таргуны» Іван Сайковіч.
У працаўнікоў сельскай гаспадаркі ёсць нямала “залатых” правілаў, і дбайныя хлебаробы стараюцца заўсёды іх прытрымлівацца. Адно з іх гучыць: “Камбайн з поля – плуг у баразну”. І сапраўды, калі хочаш быць з хлебам у наступным годзе, то трэба паспяшацца і закласці падмурак ураджаю ўжо цяпер.
Ва ўсіх гаспадарках раёна вядзецца ўзорванне глебы пад сяўбу азімых культур, а адначасова і сама сяўба. Па стане на 6 верасня азімымі было засеяна 3894 гектары, што складае 23,6 працэнта да задання і 31,2 працэнта да плана.
Амаль трэцяя частка гэтай плошчы, а дакладней, 1062 гектары пасеяна ў ААТ “Таргуны”, заданне выканана на 28,1 працэнта, план – на 37,1 працэнта. Цяпер тут сеюць азімае жыта. Штодзень насенне кладзецца ў глебу прыкладна на 140- гектарнай плошчы.
– Гэту работу мы пачалі ўжо ў канцы жніўня, – гаворыць галоўны аграном таварыства Аляксей Каротчык, – папярэдне добра падрыхтавалі глебу, у поўным аб’ёме ўнеслі мінеральныя ўгнаенні. На сяўбе задзейнічаны тры механізатары: Іван Сайковіч, Сяргей Гмырак і Аляксандр Аксючыц. З даведзенымі нормамі выпрацоўкі ўсе яны паспяхова спраўляюцца. У многім гэтаму садзейнічае тое, што харчаванне механізатараў адбываецца прама ў полі: два разы ў дзень ім дастаўляюцца гарачыя абеды, як гэта было і на жніве. Не трэба траціць час на пераезды дадому, каб падсілкавацца. Так што ў полі сейбіты могуць працавць увесь светлавы дзень.
Высокай прадукцыйнасцю працы вызначаецца Іван Сайковіч (на здымку), з якім супрацоўнікі рэдакцыі сустрэліся на полі ўрочышча “Данілаўка”. На магутным трактары К-744 у счэпе з сеяльным агрэгатам АМАЗОН ён штодзённа засявае азімым жытам амаль 50 гектараў. Даручаную работу выконвае бездакорна.
Пра тое, што, згодна з даведзеным заданнем, азімы клін плошчай у 3775 гектараў трэба засеяць у тэрмін, да 20 верасня, ведае ў гаспадарцы кожны хлебароб. А таму, як непасрэдна занятыя на сяўбе, так і тыя, хто мае да гэтага другараднае дачыненне, стараюцца, своечасова выканаць пастаўленую задачу.
Анна ЖОЎТКА.
Фота В.Чарвінскага.