Клопат пра дзяцей дапамог знайсці работу
Яшчэ дзяўчынай Ганна Шылько пераехала з Латвіі ў Валкалаты. Вярнулася на гістарычную радзіму бацькоў. Незадоўга пасля таго і замуж выйшла за мясцовага хлопца Мар’яна. Праўда, знайсці работу сабе ніяк не магла. То ў адной прафесіі сябе паспрабуе, то ў другой, а ў хуткім часе разумее, што задавальнення не мае ад таго, што робіць. А жыць трэба, дзяцей карміць – таксама. Вось і рашылі з мужам для іх здароўя завесці ў дамашняй гаспадарцы пчол. Мёд – гэта лякарства, ласунак, а таксама тавар для рэалізацыі. Заняліся пчалярствам і захапіліся гэтай справай. А неўзабаве на пасецы, што размяшчаецца ў Валкалаце дзяржпрадпрыемства “АграСітцы”, узнікла патрэба ў пчаляры. Прапанавалі гэту работу Ганне, і яна, пасля пэўнага роздуму і паразважаўшы з мужам, пагадзілася. Зараз узгадвае той момант і здзіўляецца, як хапіла смеласці пайсці на такую адказную работу. Аднак, як кажуць у народзе, хто шукае, той знаходзіць. У тым ліку і сябе. Ганна Шылько лічыць, што гэта работа для яе. Доказам сказанаму з’яўляецца тое, што жанчына вучыцца завочна ў каледжы, дзе імкнецца атрымаць веды, каб па навуцы правільна даглядаць за пчоламі.
Мы глядзім, як яна спакойна падымае накрыўку пчалінага доміка, здымае падушку, а па яе руках паўзуць пчолы. Яна ж, не звяртаючы на іх увагу, працягвае сваю работу.
– Яны мяне таксама кусаюць, – распавядае пчалярка. – Вясной ад гэтага рукі пухнуць, а ўжо напрыканцы сезона – не. Толькі знакі застаюцца. Прывыкаеш да ўсяго. А работу з пчоламі я палюбіла. Гэта больш, чым прыцягненне.
Калі пачынала жанчына працаваць на дзяржаўнай пасецы, у наяўнасці было толькі 15 пчаласем’яў. Зараз іх налічваецца 45. Першыя гады яе працы былі сканцэнтраваны на размнажэнні пчол. Аднак магчыма ўжо налета ад іх атрымаюць столькі мёду, што ён дапаможа выправіць эканамічнае становішча прадпрыемства.
НА ЗДЫМКУ: на пасецы пчалярка ДП “АграСітцы” Ганна Шылько.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.