Кропка на карце: ГАРАДЗІШЧА (Бярозкаўскі сельсавет)

На разгалінаваным сухім дрэве выглянула з-за павароту назва населенага пункта, куды мы па журналісцкай камандзіроўцы былі накіраваны. За шыльдай з назвай “Гарадзішча” раскінуў свае галіны вялікі дуб, які, здавалася, загарадзіў ад чужога вока ўсю вёску. Між тым, яна з’явілася праз некалькі хвілін. Практычна такая, як многія, дзе пражывае невялікая колькасць людзей. Тым не менш, пакуль ехаць сюды, нас папярэдзілі, што яна – адна з тых, што пачынае ажываць. І не за кошт узвядзення аграгарадка, развіцця інфраструктуры. Зусім па іншай прычыне.

Адлік новага жыцця вёскі пачаўся гадоў 5 назад. І што дзіўнае — з разрухі.

…Адкуль узяўся ўраган, ніхто не можа ўспомніць. Стаяў звычайны асенні дзень. Свяціла сонца, па небе плылі хмаркі. Раптам паласнуў дождж, затым ласкава пагладзіў шкло на вокнах, а пасля… паласой прайшла бура. Ды такая, што, здавалася, усё знясе на сваім шляху. І знесла …Частку старых хат, навейшых дахаў, вялікіх дрэў… Разбурыла адзін канец і так ужо старой вёскі. Узяўшыся рукамі за галаву, ківалі сваімі бародкамі пажылыя яе жыхары. Не спадзяваліся на тое, што ўзновіцца іх куток, ачысціцца ад буралому, адкрые шлях для прыезду дзяцей.

Менавіта дзеці, якім падказалі работнікі Бярозкаўскага сельвыканкама, рашуча ўзяліся за аднаўленне вёскі. З дапамогай тэхнікі расчысцілі дарогу, знеслі буралом, ліквідавалі сметнікі. А затым сталі аднаўляць дамы. І што самае дзіўнае — выкупілі пустуючыя хаты, пачалі афармляць спадчыннасць, некаторыя аформілі тут прапіску. І зараз у адной вёсцы, дзе давялося нарадзіцца і яшчэ жывуць матулі, з’явіліся ўласныя дамы дзяцей. Вось адна з новых сядзіб на старым падмурку, у якой жыве сям’я расіян і афармляе від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь.

Наталля і Сямён Барздыкі (на верхнім здымку) адны з першых вырашылі ўзнавіць вёску. Ён – з Першамая, яна – з Гарадзішча. Пазнаёміліся ўжо ў далёкім мінулым на вяселлі сябра. Сямён прыехаў з Мурманска, дзе працаваў будаўніком. Наталля, якая вучылася ў інстытуце народнай гаспадаркі, жыла і працавала ў Мінску, прыйшла ў суседнюю вёску на танцы. Закахаліся адзін у аднаго, пажаніліся і пераехала жонка, як таго і патрабуе сямейны статус, да мужа. За 33 гады, што жывуць і працуюць на Поўначы, прывыклі да жорсткіх умоў надвор’я, акліматызаваліся і нават задаволены жыццём у мерзлаце да той пары, пакуль не падыходзіць час чарговага водпуску. І тады, пасля тыдняў двух на цёплым курорце, стралой ляцяць на радзіму. У маленькую, закінутую сярод лясоў і балот, вёску. Туды, дзе чакае матуля, дзе можна сустрэцца з роднымі і блізкімі людзьмі. І ніякая цывілізацыя не можа замяніць гэтых мілых сэрцу куточкаў, дзе кісларод запаўняе грудзі, дзе лес дорыць грыбы і ягады, дзе амаль да хаты падыходзіць статак дзікоў. Барздыкі з гонарам расказваюць пра тое, як прывольна тут жывецца, што нават дзікія звяры не адчуваюць небяспеку. А як жа добра тут людзям!

У планах карэнных беларусаў з цягам часу вярнуцца на радзіму. Домік, які застаўся ў спадчыну ад дзядулі, Барздыкі спешна пачалі даводзіць да ладу. Спачатку вырашылі памяняць вокны, а затым па чарзе і астатняе.
Прыехалі ў Гарадзішча Барздыкі сёлета ранняй вясной. Матуля, Надзея Якаўлеўна, захварэла. Патрабавалася дапамога. А таму дачка з зяцем і рынуліся ў Беларусь, не чакаючы звычайнай пары. Паставілі на ногі матулю, кантралююць яе крывяны ціск і займаюцца адвечнай сялянскай працай разам з ёй – амаль 80-гадовай бабуляй.
Няўрымслівая гэта Надзея Батура (на сярэднім здымку), несядзялая бабуля. Толькі ачуняла ад хваробы, як у заробкі пайшла. У гэтым годзе іх лес быў на зайздрасць шчодрым. Больш чым на 3 мільёны рублёў здала яна чарніц камерсантам. Зараз чакае грыбной пары. Ад пільнага вока жанчыны не схаваюцца ні баравік пад яловай лапкай, ні зялёнкі ў сухім хвойніку. Надзея Якаўлеўна нутром чуе, дзе сядзяць грыбы, а таму яе кошык напаўняецца хутка. На зіму намарынуе і насушыць столькі, што хапае ўсім родным і блізкім і ў горад узяць, і пачаставацца ў вёсцы.

Нарадзілася Надзея Якаўлеўна ў суседняй вёсцы ў сям’і, дзе гадавалася дзевяць дзяцей. Вядома, жылося цяжка.

– Мае бацькі працавалі ў калгасе за калы, – апавядае бабуля, – а таму давялося травіцы паесці. А замуж выйшла добра. Мікалай мой з Гарадзішча быў — спраўны, добраахвочы, працавіты і прыгожы хлопец. Бацька яго ў лясніцтве працаваў, сям’я – невялікая. Пашанцавала мне, адным словам. Дом пабудавалі свой, трох дачок нарадзілі і жылі душа ў душу. Я на розных работах працавала. 10 гадоў даглядала ў Вілейцы свіней. Гэты перыяд у жыцці, бадай, самым цяжкім быў. Хлявы – халодныя, зімой ежа свіная ў карытах замярзала, парасяткі дохлі. Зараз вось гляджу на ўмовы, у якіх працуюць жывёлаводы, зайздрошчу.

Больш чым 10 гадоў жыве кабета адна, бо памёр яе верны спадарожнік жыцця. Аднак яна не сядзіць склаўшы рукі ад гора. Рухаецца, бо рух – гэта жыццё. Ды і душа неспакойная знаходзіць рукам работу. Паўгода жанчына пры справах на агародзе. То ўскапаць трэба, то гной разнесці пад кусты ды яблыні, а там – палоць і нарыхтоўваць садавіну і гародніну, дровы. Здавалася б, што апошняе ўжо зусім непатрэбна ёй, бо можна купіць. Але Надзея Якаўлеўна, як санітар лесу, збірае сухія і паламаныя дрэвы, складзіруе дзесьці на абочыне, а затым папросіць транспарт і перавязе іх пад дах. Па-гаспадарску да ўсяго падыходзіць.

Між справай успамінае мінулае, калі ў вёсцы было шматлюдна. Весела тады жылося, хоць і цяжка. Вельмі прыемна жанчыне, што збіраюцца тут дзеці. Нельга пакідаць без увагі бацькоў, якія далі жыццё, і дамы, што тулілі ля сябе ў дзяцінстве і юнацтве.

Не скардзіцца на жыццё і 90-гадовая жыхарка Гарадзішча Алена Антонаўна Батура. Таксама пры справе, у пастаяннай рабоце. Яе вялікі без травінкі агарод блішчыць круглымі ярка-чырвонымі рэпкамі, якія роўнымі радамі яшчэ сядзяць на градках. Удалечыні бачны белыя качаны капусты, іншая гародніна. А зямля – услана яблыкамі.

– Не паспяваю ўсё давесці да ладу, але стараюся, — смяецца жвавая бабуля, хадзіць якой дапамагаюць дзве палкі. Яна заўважыла мой позірк на гэтых памочнікаў і хуценька дабавіла:

– Хоць на калках хаджу, але жыць хачу. А без работы жыцця не ўяўляю.

З адукацыяй у чатыры класы Алена Антонаўна (на ніжнім здымку з сынам Аляксандрам) доўгі час працавала рахункаводам у мясцовым калгасе. Ездзіла ў банк за зарплатай рабочым, пісала справаздачы, пратаколы сходаў. Узначальвала маладая калгасніца і звяно ільнаводаў. Выходзіла ў пераможцы спаборніцтваў. Пабывала на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Адчувала сваю значнасць у грамадстве на кожным адведзеным ёй участку работы. Яна і цяпер гатова падказаць, як трэба жыць і сябе паводзіць, што і як лепш рабіць. Гэтаму вучыла і сваіх дзяцей. Як бачна, матчына навука дарэмна не прапала. Сын Аляксандр стаў вялікім чалавекам. 35 гадоў жыў і працаваў на Чукотцы. Пачынаў з рабочай прафесіі, затым дырэктарстваваў у сельскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, 15 гадоў быў старшынёй райвыканкама. Зараз на пенсіі, паўгода, як дачнік, жыве ў роднай вёсцы: купіў сабе домік непадалёк ад роднай сядзібы. Сюды прыязджаюць ужо яго дзеці і ўнукі, матуліны праўнукі.

– І дзеці, і ўнукі ў мяне залатыя, – сцвярджае Алена Антонаўна. – Да работы прывучаны, у келіх не глядзяць.

Старых паважаюць. (Менавіта гэта рыса, так падумалася мне, вельмі цэніцца старэйшым пакаленнем у маладых.) Любяць прыроду, не бэсцяць яе.

***Невялікая вёска ўдалечыні не толькі ад райцэнтра, але і цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства, жыве і будуе планы. А значыць, не знікнуць гэтай кропцы на карце.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *