Молодой прораб из Докшиц
Сваю працоўную біяграфію малады прараб ПМС Аляксандр Мякінка пачаў у родных Докшыцах. А сустрэліся з ім мы на будоўлі новай фермы з даільнай залай у Бярозках КУСГП імя Чэрныша. Было гэта якраз напярэдадні яго 25-годдзя. З размовы даведваемся, што за плячамі маладога чалавека ўжо тры гады працоўнага стажу на гэтай пасадзе. За гэты перыяд ён паспеў ажаніцца і нават займець нашчадка. А пакуль расце шасцімесячная дачушка, Аляксандр узводзіць жылыя і вытворчыя памяшканні. Дзве брыгады будаўнікоў пад кіраўніцтвам Мякінкі працавалі ў аграгарадку Бярозкі, выконваючы дзяржаўную праграму ўзнаўлення вёскі. Адгэтуль павінна ў хуткім часе пацячы малочная рака найвышэйшай якасці, што дасць прыбытак сельгаспрадпрыемству.
– Мы пачалі будаўніцтва фермы, лічы, з нуля, – гаворыць Аляксандр. – Залілі фундамент пад адно памяшканне кароўніка і малочны блок, а ў дзеючым кароўніку заліваем падлогу. Стараемся справіцца з работай як мага хутчэй, каб даць магчымасць іншым брыгадам заняцца мантажом стойлавага абсталявання. У нашым распараджэнні ёсць адзін месяц, за які мы павінны ўправіцца з узвядзеннем будынкаў жывёлагадоўчага комплексу новага пакалення. Людзі стараюцца, затрымкі з будматэрыяламі няма. Працуем у звычайным рабочым рэжыме.
Дарэчы, на рахунку маладога прараба шэраг жылых дамоў, якія пабудаваны ў Бярозках. Можна лічыць, што галоўным аб’ектам Мякінкі стаў аграгарадок, бо куды ні кінь вокам — усюды пабудовы, якія ўзводзіліся пад яго кіраўніцтвам.
НА ЗДЫМКУ: ля новабудоўлі прараб А.В. Мякінка.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.