В агрогородке Ситцы Докшицкого района будет природный газ

Пра гэтую радасную навіну жыхары аграгарадка даведаліся на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Андрэйчанка, якая адбылася на мінулым тыдні ў памяшканні Сітцаўскага сельскага Дома культуры. Уладзімір Паўлавіч прыехаў у раён, як дэпутат па нашай выбарчай акрузе, каб правесці чарговы прыём грамадзян. На гэты раз крыху змяніў расклад работы і перад прыёмам спачатку наведаўся ў Сітцы.

Справа ў тым, што некалькі месяцаў таму жыхары аграгарадка звярнуліся да дэпутата з калектыўным пісьмом наконт падачы ў Сітцы прыроднага блакітнага паліва. Просьба вяскоўцаў вырашана станоўча. Па-іншаму і быць не магло. У цэнтр увагі дзейнасці ўсіх галін улады ў нашай краіне пастаўлены чалавек, паляпшэнне яго дабрабыту. Дэпутацкі  корпус вельмі добра ведае праблемы, якія ёсць сёння ў людзей. З правядзеннем газапровада ў развіцці рэгіёна адкрыюцца новыя, больш шырокія перспектывы. На ажыццяўленне праекта патрэбны, канечне, грошы і немалыя (каля 5-6 мільярдаў рублёў), але газ таго каштуе. У хуткім часе ВУ “Віцебскаблгаз” распачне работу над падрыхтоўкай неабходнай дакументацыі. Усім зацікаўленым арганізацыям трэба вельмі добра прадумаць, дзе будзе праходзіць нітка газапровада, каб потым максімальна аблегчыць падвядзенне газу да вытворчых аб’ектаў і жылога сектара.

Пасля Сітцаў радавацца блакітнаму паліву настане чарга жыхароў Гліннага. Гэта магчыма будзе ў 2013 годзе.
На асабісты прыём да Уладзіміра Паўлавіча, які ён праводзіў у райвыканкаме, запісалася некалькі чалавек. Два пытанні тычыліся асабістых праблем грамадзян і таму агучваць іх няма патрэбы. А вось жыхары Докшыц Т.С. Ківа і В.С. Курнушка прыйшлі па дапамогу да дэпутата ад імя, па іх словах,  усіх уладальнікаў газавага катла “Гефест” кітайскай вытворчасці. Яны выказалі незадаволенасць тым абслугоўваннем, якое ім аказвае сталічная фірма “Экспертгазтэхніка”. Дорага і не так хутка прыязджае спецыяліст з Мінска, як таго б хацелася. Намнога выгадней, рашылі грамадзяне, быць на абслугоўванні ў РВУ “Докшыцырайгаз”. Але ім там адмовілі на падставе таго, што ў Ківа і Курнушкі на тэхнічнае абслугоўванне газавага катла дамоўленасць заключана менавіта са сталічнай фірмай. Да таго ж райгаз праводзіць работы па тэхабслугоўванні газавага абсталявання толькі айчыннай вытворчасці, каб мець заўсёды ў наяўнасці камплектуючыя запасныя часткі. Пасля вывучэння пытання было прынята рашэнне аб заключэнні дамоўленасці з абанентамі Т.С. Ківа і В.С. Курнушкам на абслугоўванне газавага катла. Вывучаецца магчымасць ажыццяўлення  тэхабслугоўвання РВУ “Докшыцырайгаз” катлоў маркі “Гефест” усім жадаючым таго яго ўладальнікам.

Да дэпутата на прыём прыйшла грамадзянка А.Т. Несцяронак, якая  з сям’ёй жыве ў Сітцах. Некалькі год таму яна атрымала жыллё ў выглядзе так званага прэзідэнцкага доміка. Зараз пажадала яго прыватызаваць, але не згодна з тым коштам (240 мільёнаў рублёў), які канчаткова выставіла сельгаспрадпрыемства “АграСітцы”. Дакладней, ёй больш імпануе першапачатковы кошт доміка ў 65 мільёнаў рублёў. Толькі гэта ацэначны кошт, які быў зроблены для прадстаўлення закладу ў банк на атрыманне прадпрыемствам крэдыту. Што датычыцца продажу жылля насельніцтву, то ён ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй, зацверджанай рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 2 лістапада 2011 г. № 80 “Аб парадку продажу заселеных жылых памяшканняў сельскагаспадарчых арганізацый, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, пражываючым у іх грамадзянам”.  Ацэнка жылля робіцца бюро тэхнічнай інвентарызацыі. У.П. Андрэйчанка даручыў начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу Н.П. Бортнік яшчэ раз падрабязна і даходліва растлумачыць грамадзянцы А.Т. Несцяронак  парадак продажу жылля рабочым сельгаспрадпрыемства.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ У.П. Андрэйчанка на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Сітцах.  

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *