В Докшицах штрафовали тех, кто не уступил дорогу спецмашине
Правілы дарожнага руху існуюць для таго, каб на дарогах адчувалі сябе бяспечна ўсе: вадзіцелі і пешаходы. Для гэтага ўсім удзельнікам руху трэба выконваць адзін абавязак – няўхільна іх выконваць. За гэтым пільна сочаць работнікі дзяржаўтаінспекцыі. Але нявыхаванасць, грэбаванне законамі і правіламі, на жаль, становіцца ледзь не рысай характару некаторых нашых грамадзян. Пра гэта сведчылі і вынікі апошняга рэйду, у якім правяралася адно з правіл дарожнага руху.
Яно датычыцца праезду па дарогах аўтамабіляў спецыяльнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга колеру. Гэта пажарная машына, “хуткая дапамога”, аварыйная газавай службы і аўтамабіль групы затрымання Дэпартамента аховы. Пункт 27 Правіл Дарожнага руху гаворыць, што пры набліжэнні транспартнага сродку з уключанымі маячкамі сіняга колеру любы іншы транспартны сродак, які ў гэты час знаходзіцца на дарозе, незалежна ад кірунку, павінен уступіць дарогу. Забараняецца выконваць абгон і апярэджванне.
А што на справе? Па дарозе Лагойск – Зембін – Глыбокае – граніца Латвіі рухаецца пажарная машына з уключанымі “мігалкамі”. За ёй выстраіліся некалькі аўтамабіляў. Раптам на 102-м кіламетры адзін з іх павялічвае хуткасць і ідзе на абгон спецмашыны. Праўда, далёка паспешліваму вадзіцелю ад’ехаць не прыйшлося. Хутка яго спыніў дзяржаўтаінспектар. Прыйшлося жыхарцы Мінска, якая так спяшалася ў сталіцу, усё ж такі затрымацца на пэўны час і заплаціць за парушэнне ПДР, у адпаведнасці з арт.18.14 ч.9 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь 200 тысяч рублёў.
За нейкіх 20 хвілін былі затрыманы яшчэ два парушальнікі пункта 27 ПДР. Шчасце, што рэйд быў вучэбны і сітуацыя на дарозе была змадэліравана, але ж вадзіцелі пра гэта не ведалі і не ўступалі дарогу сапраўднай пажарнай машыне, якая магла б ехаць на пажар. Так спяшаемся, што нават размінуліся са звычайным сумленнем і спачуваннем, якія заўсёды ўласцівы людзям.
Застаецца дадаць, што рэйд быў арганізаваны па ініцыятыве раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У ім прымалі ўдзел намеснік начальніка райаддзела па аператыўна-тактычнай рабоце маёр Яўген Сцяпулёнак, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ маёр Аляксандр Сташэвіч і супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: уступі дарогу і не абганяй.
Фота А. Варанковіча.