Выбаршчык вырашае ўсё!
У нядзелю, 23 верасня, адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Участкі для галасавання адчыняць свае дзверы для выбаршчыкаў у 8 гадзін раніцы. Галасаванне будзе працягвацца без перапынку да 20 гадзін.
Бюлетэні выдаюцца на падставе спісу грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, пры прад’яўленні імі пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Замест пашпарта выбаршчык мае права прадставіць: вадзіцельскае пасведчанне, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага (для дзяржслужачых). У пералік дакументаў, на падставе якіх выдаецца бюлетэнь, Цэнтрвыбаркам уключыў пенсійнае пасведчанне і студэнцкі білет пры наяўнасці ў іх фотаздымка, а таксама даведку органаў унутраных спраў, якую могуць прад’явіць грамадзяне, калі яны згубілі пашпарт.
На ўсіх участках для галасавання ў дзень выбараў будзе працаваць гандаль, а на большасці з іх адбудуцца канцэрты мастацкай самадзейнасці.
Тыя, хто па якіхсьці прычынах не змогуць з’явіцца на ўчасткі для галасавання, маюць магчымасць звярнуцца ва ўчастковую камісію з адпаведнай просьбай, і члены камісіі прыедуць да іх па месцы іх знаходжання са спецыяльнай урнай, прадугледжанай выбарчым заканадаўствам для падобных выпадкаў. Ва ўчастковую камісію маюць права звярнуцца родзічы або суседзі выбаршчыка, які не можа з’явіцца на ўчастак, і ад імя гэтага чалавека папрасіць членаў камісіі прыехаць да выбаршчыка па месцы яго знаходжання. Неабходна ўлічыць, што такія просьбы павінны паступіць ва ўчастковую камісію не пазней як у 18 гадзін.