Лепшая кніга яшчэ будзе напісана

Наш зямляк Фёдар Палачанін (на здымку) – вядомы ў Беларусі драматург, аўтар кніг для школьнікаў пра праваслаўе і іншых. Усяго ім выдадзена 14 кніг. 

Многія яго п’есы пастаўлены прафесійнымі і самадзейнымі тэатрамі, неаднойчы гучалі ў радыёпастаноўках на Рэспубліканскім радыё.  З 2006 года Ф. Палачанін з’яўляецца членам ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.  Яго літаратурная творчасць адзначана многімі ўзнагародамі. У 2008 годзе за кнігу “Голас сумлення” Фёдар Антонавіч атрымаў літаратурную прэмію Уладзіміра Караткевіча. У наступным – стаў лаўрэатам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2009 года”. Мае шэраг узнагарод беларускага Экзархата. Сёлета на Дні беларускай пісьменнасці Фёдар Палачанін атрымаў Рэспубліканскую літаратурную прэмію “Залаты Купідон”.

Мы павіншавалі Фёдара Антонавіча з высокай узнагародай і задалі яму некалькі пытанняў:

– Вашы першыя спробы пяра адбыліся далёка не ў юнацкім узросце. Што натхніла вас на напісанне менавіта п’ес?

– Дваццаць год таму ў раённай газеце “Родныя вытокі”  была надрукавана мая гумарэска “Клопаты нашы зямныя”, якая была складзена толькі з назваў мастацкіх кінафільмаў. Жартам я называў яе кінараманам. А напісана яна была для артыстаў і ўдзельнікаў Докшыцкага народнага тэатра, якім і я з’яўляюся. Вельмі хацелася павесяліць сваіх сяброў, і па іх водгуках мне гэта ўдалося. Гэта і быў мой першы творчы дэбют.
Потым рашыўся напісаць гумарэскі “Непрыдуманая гісторыя” і “Амаль смешная гісторыя”, якія былі надрукаваны ў газеце “Звязда” і часопісе “Крыніца”.

Але толькі праз некалькі год я сур’ёзна пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Здарылася так, што дачасна праз вялікую крыўду мне прыйшлося развітацца з любімай прафесіяй настаўніка, якой я, не шкадуючы сябе, служыў усё жыццё. У душы панаваў боль. Неяк калядным вечарам пачуў па радыё песню да свята Нараджэння Хрыстова “Неба і зямля”, якая вельмі мяне ўсхвалявала, прымусіла задумацца над сэнсам жыцця. Крыўда, боль і несправядлівасць адступілі, і мае думкі заняў роздум аб вечнасці. Захацелася бліжэй пазнаёміцца з жыццёвым шляхам Ісуса Хрыста. Звярнуўся да Бібліі, якая адкрыла новыя, яшчэ невядомыя мне старонкі жыцця. Неспадзявана ўзнікла жаданне напісаць верш, расказаць сваімі словамі пра зямны шлях Сына Божага. Радкі нібыта самі паліліся на паперу. Неўзабаве верш вырас у паэму, якая была дапрацавана і стала літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Ісус Хрыстос – Збавіцель наш жаданы”. Так быў распачаты новы этап у маёй біяграфіі, этап літаратурнай драматургічнай дзейнасці.

– Як адчувае зараз сябе чалавек, які атрымаў такое высокае літаратурнае прызнанне?

– Шчыра дзякую Госпаду за ўсё, што са мной адбываецца. Літаратурнай творчасцю займаюся па благаславенні яго высокапраасвяшчэнства архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. Вельмі рады, што мая кніга “Школьнікам аб праваслаўнай веры” атрымала высокую ацэнку свяцейшай духоўнай асобы –  Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. 
Нядаўна выйшла кніга “Даравальная нядзеля”, у якую ўключаны выбраныя і новыя творы, дзе больш акрэслена рэлігійная тэма. Спадзяюся, што хутка выйдуць яшчэ дзве кнігі духоўнага накірунку: “Шлях да Бога” і другое, дапоўненае выданне “Школьнікам аб праваслаўнай веры” . Для кожнага пісьменніка радасць, калі выходзіць яго кніга. А калі яна атрымлівае шмат добрых водгукаў, высокую ацэнку журы, ды яшчэ прысуджаецца прэмія – гэта вялікая падзея ў яго жыцці.

Па-ранейшаму знаходжуся ў творчым неспакоі. Мой дэвіз – несці людзям дабро, святло і чысціню. Калі Гасподзь дазволіць, пастараюся парадаваць сваіх родных, сяброў і ўсіх прыхільнікаў маёй творчасці новымі работамі. Спадзяюся, што мая лепшая кніга яшчэ будзе напісана.

– Абавязковае пытанне: над чым працуеце зараз?

– Зараз працую над меладрамай “Чужая сцежачка”, якая ўздымае маральна-этычныя праблемы. У ёй паказваецца шчырае сяброўства, сапраўднае каханне і “каханне” дзеля выгоды.

– Які з напісаных твораў самы любімы?

– Для мяне самы любімы твор той, які найбольш падабаецца чытачам і гледачам. Гэта меладрама, ці як яе назвалі ў Віцебскім тэатры – мілая меладрама “Пазычанае шчасце”. Я вельмі рады, што Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ажыццявіў пастаноўку спектакля і ўжо хутка адбудзецца яе соты паказ. Ведаю, што спектаклю спадарожнічае поспех. За гэта вельмі ўдзячны рэжысёру-пастаноўшчыку Вячаславу Грушову і ўсяму творчаму калектыву.

– Якой будзе ваша парада тым, хто робіць свае першыя крокі ў літаратурнай дзейнасці?

– Пачынаючым літаратарам хачу зачытаць радкі з верша, які напісаў адзін з маіх любімых паэтаў іераманах Раман:

“Так будь же зеркалом у Бога
И, очищаясь, отражай.
Иначе красоты не трогай,
Не создавай, не искажай…”

Бліц-апытанне

– Вы шчаслівы чалавек?

– “Шчасце – птушка трапяткая,
Што сігае між галін.
Калі шчасце не сустрэнеш,
Будзеш маяцца адзін.”

Гэта мой адказ на пытанне пра шчасце. Жыццё пацвярджае, што нашых намаганняў сустрэць шчасце малавата. Праўду кажуць – шлюбы заключаюцца на нябёсах. Маё ж прызначэнне ў жыцці, як бачна, зусім іншае.

Шчаслівы той, хто задаволены тым, што ў яго ёсць. Я моцна люблю жыццё, даражу кожным яго імгненнем і шчыра дзякую Госпаду за ўсё.

– Вашы любімыя пісьменнікі і паэты?

– Народныя песняры – Янка Купала і Якуб Колас.

– Любімая кніга?

– Біблія.

– Што натхняе на творчасць?

– Само жыццё натхняе, менавіта яно служыць правобразам маіх герояў. Мае кнігі накіраваны супраць зла і несправядлівасці, крыўды і здрады, фанабэрыстасці і маральнай разбэшчанасці – усяго таго, што перашкаджае людзям быць вясёлымі і шчаслівымі, добрымі і справядлівымі, каханымі і любімымі.

– Як адпачываеце?

– Літаратурная творчасць – любімая справа. Гэта, напэўна, і ёсць мой адпачынак.

Гутарыла Таццяна ШУЛЬГАТ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *