Магія бісеру цудадзейная ў руках творцы
Яшчэ ў тыя часы, калі ніхто і не ведаў такіх слоў, як “псіхалогія” ці “псіхатэрапія”, у жанчын рукадзелле было самым распаўсюджаным неўсвядомленым спосабам узнавіць душэўную раўнавагу. Узгадайце ўсе гэтыя вышыванні крыжыкам, пляценне карунак і вязанне на спіцах з мурлыкаючым катом на каленях. Зараз іншы час. Шчыльны рытм жыцця сучасных гаспадынь не заўсёды пакідае ім час на творчую рэлаксацыю. Таму майстры-рукадзелы карыстаюцца асаблівай павагай, а іх вырабы – вялікім попытам. Неацэнную карысць нясуць тыя творцы, якія вучаць свайму рамяству маладое пакаленне, перадаюць ім сваё майстэрства. Такой з’яўляецца Святлана Януковіч, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі. Жадаючых наведваць заняткі па інтарэсах, якія яна праводзіць для малодшых і старэйшых вучняў, заўсёды збытак.
Святлана Антонаўна гаворыць, што любоўю і прагай да творчасці яна абавязана свайму школьнаму настаўніку па працоўным навучанні Уладзіміру Уладзіміравічу Пелюху. Дзякуючы яму, многія вучні Сітцаўскай школы захапіліся выяўленчым мастацтвам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і да гэтага часу не перасталі ўдасканальваць сваё майстэрства. Адной з самых дапытлівых яго вучняў была Святлана. Яна без пропускаў наведвала ўсе існуючыя ў школе творчыя гурткі, нават прасілася на заняткі для хлопчыкаў, дзе ёй дазвалялі разам з усімі на станках выпілоўваць драўляныя фігуры.
Стаўшы студэнткай Полацкага педагагічнага каледжа, з творчасцю Святлана не развіталася. Наадварот, вучэбная праграма факультэта пачатковых класаў дазваляла ўдасканальваць і асвойваць усе віды мастацтва. Найбольш ёй падабалася саломапляценне. Таму і тэму для курсавой работы яна выбрала адпаведную “Пазакласная работа. Саломапляценне”. Калі працягвала адукацыю ў Віцебскім універсітэце, таксама кожную вольную хвіліну адводзіла рукадзеллю і ўжо тады разумела, што гэты занятак – яшчэ адно, разам з педагогікай, яе прызванне.
20 гадоў таму маладым спецыялістам Святлана Антонаўна прыйшла ў Докшыцкую школу № 1. Літаральна ў першыя дні працы прыбегла ў (тады яшчэ) раённы Дом піянераў з просьбай даць ёй магчымасць вучыць дзяцей саломапляценню. З той пары, добраахвотна ўсклаўшы на сябе дадатковыя абавязкі кіраўніка гуртка, умела сумяшчае педагагічную дзейнасць з творчай работай. 15 гадоў вучыла дзяцей саломапляценню і інкрустацыі. Прайшла з імі ўсе магчымыя раённыя творчыя конкурсы, атрымлівала шмат захапляльных водгукаў і ўзнагарод. Заўсёды сачыла за ўзнікненнем найноўшых тэхнік і відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Знаёмілася з імі праз спецыяльныя часопісы, Інтэрнэт. Так зацікавілася бісерапляценнем. Спачатку самастойна асвойвала тэхналогіі па графіках і чарцяжах. Калі зразумела, што ведаў і практыкі дастаткова для таго, каб вучыць гэтаму рамяству дзяцей, прапанавала стварыць у Цэнтры дзяцей і моладзі новае аб’яднанне па інтарэсах. Ахвотнікаў наведваць гурток па бісерапляценні адразу знайшлося шмат. Іх колькасць не зменшылася і праз пяць год. Зараз у аб’яднанні аматараў бісерапляцення налічваецца 30 чалавек. У апошні час тут з’яўляюцца нават хлопчыкі.
– Бісер – гэта шматгранны свет, матэрыял для творчасці, развіцця фантазіі, самавыражэння, – тлумачыць Святлана Антонаўна. – Бісерапляценне трэніруе дробную маторыку пальцаў, што станоўча ўплывае на развіццё мовы, мыслення, памяці дзяцей, іх разумовыя здольнасці. Гэта рамяство прывучае да ўседлівасці, уважлівасці, дае раўнавагу, супакойвае. Прычым, цудатворны не толькі працэс работы, але і зносіны з аднадумцамі. Я стараюся адносіцца да сваіх выхаванцаў не як да вучняў, а як да сяброў, таму паміж намі цёплыя, давяральныя адносіны. Бывае, прыйдзе дзіця на занятак панурае і кажа: “Я сёння не хачу займацца, проста пасяджу і паназіраю за працай іншых. Можна?”. Я дазваляю. У працэсе сумеснай сяброўскай гутаркі, размеранай працы дрэнны настрой развейваецца. Дзіця з жаданнем бярэ ў рукі бісер, нанізвае яго на лёску. Так, сцяжок за сцяжком, пятля за пятлёй – і сум знікае.
За пяць гадоў юныя ўмельцы бісерапляцення засвоілі ўсе існуючыя тэхнікі, навучыліся рабіць разнастайныя сувеніры, упрыгожанні, нават пачалі ствараць аб’ёмныя карціны і іконы. Многія майстры ўжо маюць асабістыя заказы. Паспяваюць выконваць праграмныя патрабаванні і рабіць падарачныя сувеніры для сяброў і родных. Некаторыя дзеці захапілі бісерапляценнем і сваіх мам. Гавораць, што вечары, праведзеныя разам з мамай за любімым заняткам, сталі жаданымі і намнога цікавейшымі.
Стараннямі свайго творчага кіраўніка гурткоўцы атрымалі нямала прычын для гонару. Іх вырабы выстаўляліся ў Полацку на святкаванні 1150-га юбілею, на Славянскім базары, Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім і Дні нашага горада. Займалі прызавыя месцы на раённых творчых конкурсах, былі адзначаны граматамі на абласным і рэспубліканскім конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”, нават знаходзіліся сярод экспанатаў выстаўкі паштовак у Польшчы.
– Усё ж асноўная ваша дзейнасць педагагічная, – звяртаемся мы да Святланы Антонаўна, – Скажыце, што больш вам падабаецца: даваць дзецям веды ці займацца з імі творчасцю?
– Мне аднолькава падабаецца і тое, і другое, – усміхаецца настаўніца. – Я люблю працаваць з дзецьмі. Радуюся таму, што маю магчымасць сумяшчаць творчую і педагагічную дзейнасць.
Напэўна, нельга прыдумаць больш выгаднага і эфектыўнага біяцэнозу прафесіі і захаплення.