«Пакуль душа спявае»

НА ЗДЫМКУ: выступленне хору на свяце горада.

Так назвалі сваю першую канцэртную праграму ўдзельнікі хору ветэранаў працы. Хор ужо вядомы гледачу, ён выступаў на Дні Незалежнасці і свяце горада. Ідэя яго стварэння належыць Іосіфу Іванавічу Падрэзу, які ўзначальвае раённы Савет ветэранаў. Іосіф Іванавіч палічыў, што падобнае творчае пачынанне зацікавіць пакаленне, прадстаўнікі якога ў большасці сваёй добра ўмелі спяваць і танцаваць. Упрыгожыць іх жыццё, дасць магчымасць карысна бавіць вольны час, якога так многа ў пенсіянера. І аказаўся абсалютна правы. Кіраўнік калектыву Вольга Сушко захапляецца той адказнасцю, з якой пажылыя людзі прыходзяць на рэпетыцыі. Стараюцца іх не прапускаць і самааддана развучваюць музычныя творы.

Сярод удзельнікаў хору шмат тых, хто добра знаёмы са сцэнай, бо ў свой час быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Гэта Рыта Карповіч, Яўгенія Кішулька, Алена Герасімёнак, Уладзімір Гулевіч, Валянціна Малюжанец, Ала Краўчонак, Леанід Гамановіч, Аляксандр Акуліч, Галіна Галавач. Шмат і такіх, хто ўмее  і любіць спяваць, але ў жыцці яму так і не прыйшлося стаць артыстам, нават самадзейным. Зараз з’явілася такая магчымасць, і таму маладыя душой ветэраны падрыхтавалі да свайго свята вялікі канцэрт, у якім яны будуць спяваць, іграць інтэрмедыі і нават танцаваць. На канцэрце змогуць пабыць усе жадаючыя, хто ў нядзелю завітае ў кінаканцэртную залу “Іскра” ў 16 гадзін.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *