Предсмертное завещание отца
“Наташа павінна стаць настаўніцай”, – гэтыя словы хворага бацькі дзесяцігадовую дзяўчынку пранялі наскрозь. Выпадкова пачутая фраза сыграла пэўную ролю ў станаўленні яе як асобы. Наталля зараз упэўнена, што ён ведаў: жыць засталося мала, а таму спяшаўся выказаць свае пажаданні, вызначыць накірунак далейшага жыцця дзяцей. Яго апошнія дні былі занятыя думкамі пра іх. Яму было да болі крыўдна, што ў такім узросце стаіць на парозе вечнасці і пакідае без бацькоўскай апекі Наташку і Марка.
Таму пасля школы ў Наталлі Дзяконскай кім быць пытання не ўзнікала. Яна адвезла дакументы ў педкаледж і праз пэўны вучэбны перыяд авалодала прафесіяй настаўніка пачатковых класаў. Працаваць вярнулася ў родную Сітцаўскую школу.
Наталля Мечыславаўна Каляда – сацыяльны педагог, а цяпер намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце – расказвае, што ўсё жыццё ёй даводзіцца апраўдваць высокае званне ўнучкі Шэвеляў (дзядуля Уладзімір Іосіфавіч узначальваў Лісавіцкую васьмігодку, а бабуля, Марыя Іванаўна, усё жыццё працавала настаўніцай гісторыі і геаграфіі). Іх праца адзначана стосам грамат, падзяк, віншавальных паштовак. Настаўнікам, а затым работнікам апарата райкама партыі пэўны час працаваў і бацька – Мечыслаў Іванавіч Дзяконскі. Да сваёй справы падыходзіў з усёй адказнасцю, быў патрабавальным да сябе і іншых.
Выхаваная ў сціплай патрыятычнай сям’і, яна не магла дазволіць сабе запляміць памяць дарагіх ёй людзей, якія сталі яе візітнай картачкай. Яна не магла іх падвесці. Памятаецца першага верасня, калі ёй даверылі сказаць слова ад імя ўсіх маладых спецыялістаў. Дзядуля ўзяў пад кантроль падрыхтаваную рэч унучкі. Чытаў, аналізаваў, уносіў папраўкі. І кожны раз на працягу шэрагу гадоў яе працы пытаецца ці едзе настаўніца-унучка на жнівеньскую педагагічную нараду ў раён. Для яго, як і ўсіх былых работнікаў народнай асветы, з’яўляецца гонарам і пашанай быць запрошаным на канферэнцыю: туды ж збіраюцца лепшыя, там, на яго думку, рашаецца лёс дзяцей, настаўнікаў, школы.
Наталля Мечыславаўна сапраўды стала адной з лепшых у шматлікім шэрагу настаўнікаў раёна. Дабілася гэтага сваёй самаадданасцю выбранай справе і прафесіяналізму. Наталля Мечыславаўна мае свой, нестандартны падыход да дзяцей, працуе розумам і душой.
Н.М. Каляда лічыць, што калі педагог для многіх – гэта дыягназ, то для яе – прыроджаная “паталогія”. Яна цвёрда ўпэўнена, што шлях, які некалі выбраў для яе бацька, – правільная дарога на ўсё жыццё. І працуе так, што не ведае мяжы паміж школай і домам. Абавязкова наведаецца на пасляўрочныя секцыі і кружкі, сходзіць на мясцовы стадыён ці ў спартзал, калі дзеці займаюцца там спортам: ганяюць футбольны ці валейбольны мяч. Ганарыцца іх дасягненнямі. З юнацкім запалам расказвае, як футбольная каманда з Сітцаў “сделала” сем каманд раёна, як каманда клуба вясёлых і знаходлівых трымала залу ў прыемным напружанні.
Яна гатова знайсці дзецям трэнера па футболе, стаць іх блізкай сяброўкай і дарадцам, але і трымаць дыстанцыю, каб не перайсці на панібрацтва, бо трэба ж і спытаць за промахі, і паўшчуваць за памылкі.
З мужам выхоўваюць дваіх сыноў. Хлапчукі разам з бацькам займаюцца спортам, з маці – рыхтуюць дамашнія вучнёўскія заданні, дапамагаюць у агародзе і на панадворку. Разам удзельнічалі ў конкурсе “SMS: шчаслівая маладая сям’я” і знаходзіліся ў лідарах.
Кірыл з Якімам міла ўсміхаюцца ў аб’ектыў і льнуць да маці (на здымку). Між тым, яны ўпэўнены, што нягледзячы на бязмежную мацярынскую любоў і пяшчоту, іх мама-настаўніца не зменшае патрабаванні ні ў якой справе. Яна аднолькавая і на рабоце, і дома: строгая, патрабавальная, любячая. Ад таго, што не трэба іграць ролю, а ёсць магчымасць заўсёды быць самой сабой, яна і лічыць сябе шчаслівай. Прачынаецца з жаданнем бегчы на работу, а з работы спяшаецца дамоў.