Правыя і вінаватыя

Выказванне “прыгажосць выратуе свет” хочацца ўдакладніць. Бо не толькі і не столькі прыгажосць, колькі дабрыня і любоў могуць зрабіць наш свет лепшым. Дзеці павінны бачыць добрыя і шчырыя адносіны паміж роднымі і блізкімі людзьмі, у першую чаргу, у сям’і. Калі ж там гэтыя каштоўнасці адсутнічаюць, то малаверагодна, што з дзіцяці вырасце добры, чулы і сардэчны чалавек.
На жаль, сучасныя маладыя сем’і, не вытрымаўшы экзамена на трываласць, нярэдка распадаюцца. Чаму так здараецца? Калі не разглядаць такую прычыну, як п’янства, то ў іншых выпадках маладыя людзі разводзяцца  таму, што “не сышліся характарамі”. Толькі чамусьці, калі хлопец з дзяўчынай сустракаюцца яшчэ да вяселля, то з іх характарамі ўсё ў парадку. А пачынаецца сумеснае жыццё – і ўзнікаюць спрэчкі, сваркі, якія прыводзяць да сямейнага разладу. Часта з-за таго, што ніводзін бок не хоча саступіць другому, лічыць, што праў толькі ён. Наконт гэтага ўспомнілася адна прытча, якую ў час нядзельнай імшы паведаў прыхаджанам у Докшыцкім касцёле ксёндз Віталій.
…Жылі па суседстве дзве сям’і. Адна была вельмі дружнай. Муж і жонка ніколі не сварыліся, жылі ў любві і згодзе, усе справы ў іх ладзіліся. У другой жа было ўсё наадварот: не здаралася і дня, каб муж і жонка пражылі яго без канфліктаў і лаянак. У іх хаце пастаянна чуліся крыкі, абразлівыя словы ў адрас то аднаго, то другога. Муж даказваў, што ён праў у дадзеным выпадку, жонка ж не саступала і даказвала сваю праўду.
І вось аднойчы яны задумаліся: чаму ў сям’і суседзяў усё добра, а ў іх так усё дрэнна? Тады і кажа жонка мужу: “Схадзі да суседзяў і падгледзь, што яны такога робяць, чаго не ўмеем і не робім мы, з-за чаго і сварымся кожны дзень”.

Пайшоў муж. Пастукаў у дзверы. Жонка таго другога мужа, з якім усё ладзілася, адчыняючы іх, незнарок зачапіла вазу, якая ўпала і разбілася. Жанчына вельмі расхвалявалася, адчула сваю віну перад мужам (гэта была яго любімая ваза), стала прасіць у яго прабачэння, гаварыць, якая яна нязграбная і вінаватая ў тым, што пабіла такую прыгожую і дарагую вазу. А муж не стаў дакараць сваю жонку, а сказаў: “Дарагая, ты ў гэтым не вінаватая. Вінаваты я, што паставіў вазу ў такім месцы, дзе яе лёгка было зачапіць кожнаму. Ды і ўвогуле не такая  гэта вялікая бяда. Купім новую, яшчэ прыгажэйшую”.
Першы муж вярнуўся да дому. Жонка пытаецца ў яго: “Ну, ці ўбачыў ты ў іх штосьці незвычайнае?”  “Ды не, нічога. Усё так, як і ў нас. Хіба толькі тое, што ў іх – усе вінаватыя, а ў нас –  усе правыя”.

Анна ЖОЎТКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *